Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЧАЯ РАДА ІРАКУ СТВАРЫЛА ТРЫБУНАЛ ДЛЯ РАЗГЛЯДУ ВАЕННЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ


Юры Дракахруст, Прага

Кіраўнічая рада Іраку вырашыла, што трыбунал будзе створаны дзеля разгляду злачынстваў супраць чалавечнасьці, ваенных злачынстваў і генацыду. Адным з самых вядомых злачынстваў такога кшталту – піша брытанская “Daily Telegraph” – была апэрацыя “Анфал” – тэрор супраць курдзкага насельніцтва на поўначы Іраку. У сакавіку 1998 году толькі ў горадзе Халабія былі забітыя 5 тысячаў чалавек. Паводле ацэнак, агульная колькасьць ахвяраў апэрацыі “Анфал” дасягае сотні тысячаў чалавек.

Хаця сам былы прэзыдэнт Іраку і яго сыны пакуль не арыштаваныя, сілы кааліцыі ўжо затрымалі шэраг высокапастаўленых прадстаўнікоў былога рэжыму, многія зь іх могуць стаць абвінавачанымі трыбуналу.

Аднак пакуль невядома, якую юрыдычную форму будзе мець гэты трыбунал. Маецца досьвед трыбуналаў ААН па Руандзе і былой Югаславіі, у якіх працэсы вядуць выключна міжнародныя судзьдзі. Але гэтыя чыста міжнародныя суды часам выклікаюць крытыку. На думку кіраўнічкі багдацкага аддзелу праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Хам’і Муфты, для Іраку больш падышоў бы узор трыбуналаў па С’ера-Леонэ, у якіх разам зь міжнароднымі судзьдзямі ўдзельнічалі і мясцовыя судзьдзі. Праўда, у цяперашнім Іраку назіраецца дэфіцыт незалежных судзьдзяў. Сілы кааліцыі праводзяць праверку ўсіх супрацоўнікаў судовай сыстэмы краіны. Пакуль гэтая праверка не завершыцца, ніводзін з былых ірацкіх судзьдзяў ня будзе дапушчаны да ўдзелу ў працы трыбуналу.

Яшчэ адным клопатам кіраўнічай рады Іраку зьяўляецца выпрацоўка новай канстытуцыі і выбарчага закону. Кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі Іраку Пол Брэмэр заявіў:

(Брэмэр: ) “Канстытуцыя будзе напісаная іракцамі для іракцаў. Праект будзе вынесены на рэфэрэндум, і ў выпадку ўхвалы дэмакратычныя, свабодныя і справядлівыя выбары дадуць Іраку цалкам сувэрэнны ўрад. Тады нашая праца, праца каліцыі, будзе выкананая”.

Пол Брэмэр сказаў, што пасьля выбараў амэрыканскія сілы пакінуць Ірак, і дадаў:

(Брэмэр: ) “Колькі часу амэрыканцы застануцца ў Іраку – зараз гэтая праблема ў руках саміх іракцаў. Усё залежыць ад іх”.

Аднак зараз сфармаваная кіраўнічая рада Іраку адчувае пэўны недахоп легітымнасьці як у вачох насельніцтва, гэтак і на міжнароднай арэне. Як паведамляе “New York Times”, учора на закрытым пасяджэньні рады абмяркоўваліся пляны вяртаньня прадстаўніцтва Іраку ў ААН. Сябры рады паведамілі прадстаўніку генэральнага сакратара ААН Сэрджыя Віеру дэ Мэла, што кіраўнічая рада мае намер накіраваць на сэсію Асамблеі ААН у ліпені свайго прадстаўніка. На сэсіі, дарэчы, будзе абмяркоўвацца ірацкае пытаньне. Сп. дэ Мэла выказаў спадзяваньне, што Гішпанія, якая зараз старшынюе ў Радзе бясьпекі ААН, будзе спрыяць таму, каб дэлегацыя кіраўчай рады Іраку была прынятая. Аднак, паводле прадстаўніка генэральнага сакратара ААН, форму сувэрэнітэту Іраку ў пераходны пэрыяд вызначыць адмысловы камітэт Рады бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG