Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЛЯМЭНТ ВЯЛІКАБРЫТАНІІ ПАТРАБУЕ АД УРАДУ АБАРАНІЦЬ ПРАВЫ БРЫТАНСКІХ ГРАМАДЗЯНАЎ-ВЯЗЬНЯЎ НА БАЗЕ ГУАНТАНАМА

Мікола Пачкаеў, Лёндан

Паміж Вялікабрытаніяй і ЗША існуюць значныя разыходжаньні што да вязьняў у лягеры на амэрыканскай базе Гуантанама. Гэтыя разыходжаньні тычацца, па-першае, юрыдычнага статуса гэтых затрыманых: амэрыканскія ўлады вынайшлі тэрміны “варожыя ўдзельнікі ваенных дзеяньняў” або “незаконныя ўдзельнікі ваенных дзеяньняў” – але такі статус не прадугледжаны ані нацыянальным, ані міжнародным правам. Злучаныя Штаты адмаўляюцца прызнаць гэтых вязьняў ваеннапалоннымі – і гэтак Жэнэўская канвэнцыя, якая прадугледжвае правы ваеннапалоных, на гэтых вязьняў не распаўсюджваецца. У той жа час, ЗША мае намер караць гэтых вязьняў – прычым гэтыя асобы ня могуць разьлічваць на абарону правоў, гарантаваную Канстытуцыяй ЗША.

Другое важнае разыходжаньне тычыцца спосабу суду і пакараньня гэтых вязьняў. Хаця ніводны зь іх ня ёсьць грамадзянінам Злучаных Штатаў, ЗША маюць намер судзіць іх амэрыканскім ваенным трыбуналам – у якім, зноў жа, не гарантуюцца нават звычайныя правы, прадугледжаныя амэрыканскімі законамі і Канстытуцыяй. Акрамя таго, такія трыбуналы могуць выносіць сьмяротны прысуд, асабліва калі падсудныя не прызнаюць сваю вінаватасьць. Раней паведамлялася ўжо пра праект пабудовы камераў сьмертнікаў у лягеры на Гуантанама.

Вялікабрытанія ня мае сьмяротнага пакараньня і не выдае вязьняў іншым краінам у выпадках, калі там ім пагражае такое пакараньне. Агулам на Гуатанама знаходзіцца цяпер 9 брытанскіх грамадзянаў і яшчэ 2 асобы з дазволам на сталае жыхарства ў Брытаніі, захопленых амэрыканскімі войскамі ў Афганістане або выдадзеных ЦРУ іншымі краінамі.

Затрыманыя асобы знаходзяцца ў лягеры Гуантанама на працягу ўжо паўтара году. Чаму гэтае пытаньне прыцягнула ўвагу брынанскіх палітыкаў менавіта цяпер?

Непасрэднай прычынай цяперашніх дыпляматычных захадаў брытанскага ўраду ў дачыненьні да ЗША сталася нядаўняе рашэньне прэзыдэнта Буша аб тым, што дваіх грамадзянаў Брытаніі – Моазама Бэга (які быў захоплены, між іншым, не ў Афганістане, а ў Пакістане) і Фэраса Абасі – у ліку 6 іншых асобаў будзе судзіць менавіта такі амэрыканскі ваенны трыбунал, а не звычайны суд.

З гэтай нагоды больш за 200 сябраў брытанскага парлямэнту падпісалі праект парлямэнцкай рэзалюцыі, што патрабуе ад ураду абараніць юрыдычныя правы брытанскіх грамадзянаў-вязьняў на базе Гуантанама. Як зазначалі сябры парлямэнту, “асаблівыя дачыненьні” Вялікабрытаніі з ЗША павінны быць вуліцай з “двухбаковым рухам”. Некалькі дзён таму ўрад Тоні Блэра выказаў занепакоенасьць тым, што гэтыя брытанскія грамадзяне могуць паўстаць перад такім амэрыканскім трыбуналам. Пры канцы мінулага тыдня прадстаўнікі брытанскага ўраду афіцыйна паведамілі, што Брытанія праводзіць інтэнсіўныя перамовы з амэрыканскімі ўладамі, настойваючы на гарантыях справядлівай судовай працэдуры; узьнятае таксама пытаньне аб магчымай рэпатрыяцыі гэтых вязьняў у Вялікабрытанію. Але, як распавяла сёньня газэта “Guardian”, шанцы на рэпатрыяцыю гэтых вязьняў у Брытанію застаюцца невялікімі – бо, на думку юрыстаў, гэтыя асобы наўрад ці былі бы асуджаныя ў брытанскім судзе, тым часам як амэрыканскія ўлады ня маюць намеру дапусьціць вызваленьня кагосьці з тых, хто меў дачыненьне да дзейнасьці Аль-Кайды, без пакараньня.
XS
SM
MD
LG