Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ СІДОРСКІ ЗАПАТРАБАВАЎ АД МІНІСТРАЎ “БОЛЬШ ПРАЦАВАЦЬ І МЕНШ ГАВАРЫЦЬ”


Валер Каліноўскі, Менск

Выканаўца абавязкаў старшыні Савету Міністраў Сяргей Сідорскі сёньня правёў першае паседжанне прэзыдыюму ўраду пасьля адстаўкі Генадзя Навіцкага. На ім разглядаліся асноўныя кірункі бюджэтна-падаткавай палітыкі на 2004 год. Спадар Сідорскі пачаў сваю працу з усталяваньня новых парадкаў. Гаворыць супрацоўнік інфармацыйнай службы апарату Савету Міністраў Беларусі Леанід Шынкевіч:

(Шынкевіч: ) “Новы кіраўнік ураду — новыя патрабаваньні. Гэтыя патрабаваньні ён учора давёў на нарадзе зь міністрамі й кіраўнікамі іншых рэспубліканскіх органаў”.

Сярод новаўвядзеньняў у працы кабінэту называецца патрабаваньне спадара Сідорскага да міністраў “больш працаваць і менш гаварыць”. На паседжаньні калегіі Саўміну сёньня было адмыслова запрошана ў чатыры разы меней чыноўнікаў, чым звычайна. І Сяргей Сідорскі выступіў перад імі з новымі патрабаваньнямі:

(Сідорскі: ) “Зь сёньняшняга дня максымальна скараціць бюракратычную перапіску. У тым ліку максымальна скіраваць апараты міністэрстваў на вырашэньне тых пытаньняў, тых задач, якія стаяць перад міністрамі, перад міністэрствамі і ведамствамі. І максымальна наблізіць нашую працу да выніку — такога, які патрабуе ад нас кіраўнік дзяржавы”.

Сяргей Сідорскі мусіў сёньня паехаць у Кіеў на дзявятае паседжаньне Міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Але на просьбу беларускага боку яно перанесенае на больш позьні тэрмін, верагодна, на верасень.

Сябра беларускага ўраду часу Вячаслава Кебіча Пятро Краўчанка сумняецца, што ўсталяваныя спадаром Сідорскім новыя парадкі ў Савеце Міністраў прынясуць заўважны эфэкт.

(Краўчанка: ) “Я ня веру ў тое, што адміністрацыйнымі захадамі можна палепшыць эканамічную сытуацыю ў Беларусі. А Сідорскі — гэта тыповы прадстаўнік адміністрацыйнага кірунку і ціску. Будзе зноў гульня ў словы, у нейкія паперы, будзе больш жорсткасьці, крыкаў, ляманту... Але, прабачце, трэба мяняць сыстэму эканамічных адносінаў, сыстэму эканамічных каардынат, а ня ціснуць на людзей і не травіць іх і псыхалягічна, і фізычна не зтнішчаць іх. Як тут не прыгадаць вялікага расейскага байкапісца Крылова, які пісаў з падобнай нагоды “А вы, друзья, как ни садитесь, всё в музыканты не годитесь”. Так і тут: нічога з гэтага не атрымаецца, грубы ціск, закручваньне гаек ніякага станоўчага выніку, ніякага посьпеху ў Беларусі не прынясуць”.

Пятро Краўчанка перакананы, што рэальна кіруе ўрадам і нясе адказнасьць не Навіцкі, не Сідорскі, а непасрэдна А.Лукашэнка.

Тым часам адстаўленыя прэм’ер Генадзь Навіцкі, віцэ-прэм’ер Аляксандар Папкоў і міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы пайшлі ў незаплянаваны адпачынак. Гаворыць былы памочнік віцэ-прэм’ера Папкова Аляксандар Яленскі:

(Яленскі: ) “Ён пакуль у адпачынку, але дзе — я не магу нічога сказаць. Новы віцэ-прэм’ер працуе, але, калі ласка, можаце зь ім звязвацца на наступным тыдні. Гэты тыдзень пакуль ён знаёміцца, уваходзіць у курс справаў”.

Што да адпачынкаў, то ў Сяргея Сідорскага ён пакуль не прадбачыцца, як і ў Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Аляксандар Рыгоравіч, як правіла, у адпачынак ня ходзіць. Як правіла, прэзыдэнт заўсёды на працы. Вось зімой ён сумясьціў адпачынак зь перамовамі з Уладзімерам Пуціным. Было тады некалькі дзён паміж перамовамі, калі ён адпачыў у Сочы на запрашэньне прэзыдэнта Расеі. Адмыслова ў адпачынак ён не сыходзіць. Як правіла, у прынцыпе ў адпачынак прэзыдэнт ня ходзіць”.

Натальля Пяткевіч паведаміла, што новых кадравых рашэньняў адносна ўраду А.Лукашэнка пакуль не прыняў. Чакаецца, што ў гэтым месяцы ён абновіць урад на траціну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG