Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО КАЖУЦЬ ГРАМАДЗЯНЕ ПРА РЭФЭРЭНДУМ АБ ПАДАЎЖЭНЬНІ ПРЭЗЫДЭНЦКАГА ТЭРМІНУ?


Галіна Абакунчык, Менск

(Спадар: ) “Адназначна супраць. Рэч у тым, што на сёньняшні момант як станоўчага прэзыдэнта, як разважнага прэзыдэнта я яго не ўспрымаю. Калі гэты чалавек застанецца яшчэ на адзін тэрмін, то я ня ведаю, куды зойдзе нашая краіна. Ужо цяпер мы жывем вельмі кепска, у сьвеце нас таксама ўспрымаюць кепска, а таму трэба нешта мяняць і найперш — прэзыдэнта”.

(Спадарыня: ) “Буду галасаваць адназначна супраць, бо па-першае, гэта неправамоцна. А па-другое, увесь сьвет цяпер сочыць, каб не было ніякіх зьменаў у Канстытуцыі, і я спадзяюся, што іх ня будзе”.

(Спадар: ) “Я буду галасаваць супраць, бо калі ўсе не прагаласуюць супраць, то мы можам прыйсьці да сумных вынікаў. Я лічу, што трэба жыць не па-рэфэрэндуму, а па Канстытуцыі”.

(Спадарыня: ) “Супраць, бо вельмі шмат людзей не задаволеныя, як ён кіруе краінай, і на цяперашні момант я бы хацела нешта зьмяніць і ў сабе, і ў краіне”.

(Спадарыня: ) “Я лічу: што ў Канстытуцыі закладзенае, тое і павінна захоўвацца. І мяняць канстытуцыі без канца, пад кожнага чалавека — гэта немагчыма. Натуральна, што большасьць нашых грамадзянаў будуць супраць. Час ужо нешта мяняць”.

Сярод апытаных мінакоў толькі адна суразмоўца заявіла, што яна на баку прэзыдэнта, але выказаць сваіх аргумэнтаў перад мікрафонам не пажадала. Некаторыя казалі, што яшчэ ня вызначыліся з гэтым пытаньнем, аднак меркаваньні на гэты конт у іх такія:

(Спадарыня: ) “Я не задумвалася, як я буду галасаваць, але калі такі рэфэрэндум будзе — я буду супраць нашага прэзыдэнта. Бо я працавала ў школе — затрымліваюць заробак. І гэта ня толькі настаўнікам, але й мэдыкам, іншым работнікам. Але я ня ўпэўненая, што будуць супраць пэнсіянэры, яны ж пэнсію атрымліваюць своечасова”.

(Спадар: ) “Няма чаго займацца самадурствам і абманам насельніцтва. Таму ніякія рэфэрэндумы не патрэбныя: адну Канстытуцыю прынялі й хопіць”.

(Спадарыня: ) “Не магу адказаць чаму, але супраць”.

(Спадар: ) “Я хацеў бы нешта мяняць у гэтай краіне і ў сваім жыцьці таксама. У нас гавораць, што ўсё робіцца дзеля чалавека. Але давайце паглядзім, у якой краіне гэткія падаткі — 36%. Кажуць, што ў нас свабода слова, але я яе ня бачу”.

(Спадарыня: ) “Я буду галасаваць супраць, бо лічу, што мяняць Канстытуцыю ня мае сэнсу, бо на сёньня яна адпавядае таму становішчу, якое нашая краіна займае ў сьвеце”.

(Спадарыня: ) “Ніводная краіна ў сьвеце ня мае такога тэрміну”.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё я галасаваць не пайду, бо сумняюся, што вынікі такога рэфэрэндуму будуць аб’ектыўнымі”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў пра сваё стаўленьне да магчымага рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG