Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАДПІСАЎ ДЭКРЭТ ПРА ЛІЦЭНЗАВАНЬНЕ АСОБНЫХ ВІДАЎ ДЗЕЙНАСЬЦІ


Юлія Шарова, Менск

Дэкрэт №17, з падпісаньнем якога кіраўнік краіны цягнуў два гады, скарачае ўтрая колькасьць відаў дзейнасьці, якія падпадаюць пад ліцэнзаваньне. Незалежна ад віду дзейнасьці, за ліцэнзію трэба плаціць 90 эўра (раней кошты значна адрозьніваліся). Ліцэнзіі будуць выдавацца на тэрмін ня меней за 5 і ня болей за 10 гадоў. Выдача ліцэнзіяў у адпаведнасьці з новым дэкрэтам распачнецца з 1 ліспапада сёлета.

Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць станоўчым той факт, што краіна перастае трымаць рэкорд паводле колькасьці ліцэнзаваных відаў дзейнасьці. Разам з тым, гаворыць спадар Патупа, у чыноўнікаў застаецца шмат магчымасьцяў выкарыстоўваць ліцэнзію як сродак маніпуляцыі прыватным бізнэсам.

(Патупа: ) “У міністэрствах і ведамствах, якія кантралююць ліцэнзіі і маюць права іх адклікаць, магчымая распрацоўка нейкіх вельмі сур’ёзных інструкцыяў, якія могуць унесьці дадатковыя складанасьці ў гэты працэс”.

У зьвязку з гэтым спадар Патупа лічыць неабходным усталяваць грамадзкае назіраньне за працэсам выдачы ліцэнзіяў.

Эканаміст Яраслаў Раманчук бачыць у дэкрэце №17 іншую небясьпеку. На ягоную думку, у межах кожнага ліцэнзаванага віду дзейнасьці можна ствараць безьліч падвідаў. Такім чынам, фармальна ліцэнзіяў стане меней, а рэальна ўсё застанецца па-ранейшаму.

(Раманчук: ) “Розныя міністэрствы могуць праз свае лабісцкія структуры, праз мэханізмы, якія яны добра ведаюць, уносіць зьмены. І такім чынам дасягненьні, зьвязаныя са скарачэньнем колькасьці відаў дзейнасьці, зноў акажуцца эфэмэрнымі”.

Згодна з дэкрэтам №17, ліцэнзіі, выдадзеныя да пачатку дзеяньня дакумэнта, будуць дзейнічаць да 1 траўня 2004 году. Пасьля шматлікія бізнэсоўцы мусяць заплаціць па 90 эўра за новыя ліцэнзіі, нават калі старыя выдаваліся яшчэ на колькі гадоў наперад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG