Рашэньне аднавіць расьсьледаваньне прыняў пракурор Менску Мікалай Кулік. Таксама ён вырашыў замяніць сьледчага: далей весьці справу будзе сьледчы ў асабліва важных справах гарадзкой пракуратуры Сяргей Кухаронак. Гэта ўжо трэці сьледчы: раней справу па чарзе расьсьледавалі Сяргей Новікаў і Ўладзімер Чумачэнка. Абодва пасьля шэрагу сьледчых дзеяньняў прызнавалі, што сьледзтва сутыкаецца з пэўнымі цяжкасьцямі, з прычыны якіх завершыць справу немагчыма, і прыпынялі расьсьледаваньне.
Абаронца сваякоў зьніклых Гары Паганяйла не выключае, што да такога выніку прывядзе і дзейнасьць новага сьледчага.
(Паганяйла: ) “Насьцярожвае, што сьледчы Кухаронак раней ня быў у сьледчай групе, і калі ён адзін будзе займацца расьсьледаваньнем, без так званай апэратыўнай падтрымкі, то замена нічога ня дасьць. Як кажуць, замянілі шыла на мыла”.
Гары Паганяйла паведаміў, што ўзнаўленьне расьсьледаваньня ніяк не паўплывала на рашэньне сваякоў зьніклых і абароны зьвярнуцца з пазовам на ўлады Беларусі ў адзін з эўрапейскіх судоў. Такі пазоў ужо рыхтуецца, гэта будзе бэльгійскі суд.
(Паганяйла: ) “Таму што іншай пэрспэктывы мы ня бачым, і іншай пэрспэктывы пры цяперашняй уладзе ня будзе”.
Ён паведаміў, што Савецкі раённы суд Менску даслаў адказ на ранейшы пазоў Зінаіды Ганчар і Ірыны Красоўскай, якія скардзіліся на гарадзкую пракуратуру за тое, што там прыпынялі расьсьледаваньне. Як і чакалася, суд адмовіўся разглядаць дзеяньні сьледчых. Судзьдзя спаслаўся на тое, што пракуратура суду “непадведамасная”. Гэтая адмова стала новым доказам неабходнасьці апэляваць менавіта да эўрапейскага суду, лічыць Гары Паганяйла.
У гарадзкой пракуратуры не патлумачылі, якія новыя абставіны паўплывалі на рашэньне аднавіць расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага. Ці будзе сьледчы Сяргей Кухаронак адзін весьці справу, альбо пад ягоным кіраўніцтвам створаная група сьледчых — у пракуратуры таксама не паведамілі.