У Менску ў аўторак у прыватных распаўсюднікаў зьявілася выданьне пад назвай “Новая газета. Специальный выпуск для Белоруссии”. Амаль увесь нумар складзены з артыкулаў, падпісаных прозьвішчамі журналістаў “Белорусской деловой газеты”. Надрукаваныя, напрыклад, інтэрвію Васіля Быкава, якое раней не публікавалася, і расповед пра тое, што цяпер робіцца ў калгасе “Рассвет” — праз 5 гадоў пасьля прысуду Васілю Старавойтаву.
Галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна, чыйго прозьвішча ў гэтым выпуску “Новой газеты” няма, распавяла:
(Калінкіна: ) “Гэта была ініцыятыва й прапанова нашых расейскіх калегаў. Яны вельмі ўважліва сочаць за сытуацыяй, якая ў нашай краіне складваецца са СМІ, і такім чынам яны выказалі нам сваю падтрымку. Яны спадзяюцца, што гэта будзе ня разавая акцыя, мы таксама спадзяемся на гэта, таму што ніякіх юрыдычных асноваў для таго, каб канфіскоўваць гэты нумар ці нейкім іншым чынам не даваць яму трапіць у Беларусь няма”.
Спадарыня Калінкіна зазначыла, што цяпер усе пытаньні або прэтэнзіі, якія могуць зьявіцца, мусяць быць адрасаваныя расейскай “Новой газете”. Паводле спадарыні Калінкінай, яна нават ня ведае, які наклад мае беларускі выпуск гэтага выданьня. Агульны наклад “Новой газеты” разам з рэгіянальнымі ўкладкамі складае больш за 400 тысяч асобнікаў. Плянуецца, што беларускія спэцвыпускі будуць друкавацца ў Маскве раз на тыдзень.
Як паведамляе афіцыйны Інтэрнэт-сайт беларускага Міністэрства інфармацыі, “цяпер расейскія выданьні могуць свабодна распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі, на гэта не патрабуецца дадатковага дазволу, як для выданьняў іншых дзяржаваў”.
Як паказвае досьвед “БДГ”, у гэтай цытаце пад іншымі дзяржавамі маюць на ўвазе і Беларусь. Таму рэдакцыя не выключае, што ў Міністэрстве друку Расеі будзе зарэгістраванае расейскае выданьне з назвай “Белорусская деловая газета”. Такі спосаб ужо раней выкарыстала магілёўская газэта “Дэ-факта”, зарэгістраваная таксама ў Маскве.
(Калінкіна: ) “Мы разглядаем розныя варыянты, каб матэрыялы нашых журналістаў, пакуль не выходзіць “БДГ”, усё ж даходзілі да чытача. Ня толькі “Новая газета”, але й іншыя расейскія выданьні выказалі гатоўнасьць рабіць спэцыяльныя беларускія выпускі й прапаноўваюць нам, каб нашы журналісты пісалі матэрыялы для гэтых выпускаў. Розныя варыянты — ня толькі з “Новай газетай”, але і са сваім расейскім выданьнем. Паглядзім, як будуць рэагаваць беларускія ўлады”.