Бэльгія павінна адмяніць спрэчны закон супраць ваенных злачынстваў, які ўстрывожыў многія ўрады й абурыў многіх кіраўнікоў замежных дзяржаваў з той нагоды, што былі пададзеныя пазовы супраць прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, брытанскага прэм’ер-міністра Тоні Блэра й ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона, – піша “Financial Times”. “Закон дае бэльгійскім судам “унівэрсальную юрысдыкцыю” ў ваенных злачынствах і выпадках генацыду, а гэта значыць, яны могуць паспрабаваць западозрыць кожнага чалавека ў тым, што ён учыніў гэтыя злачынствы”, – гэтак заявіў прэм’ер-міністар Бэльгіі Гі Вэргофштадт праз гадзіну пасьля таго, як новы лібэральна-сацыялістычны кааліцыйны ўрад быў прыведзены да прысягі.
Выданьне тлумачыць мэту паправак да закону – прадухіліць магчымыя злоўжываньні, пры дапамозе якіх у Бэльгіі былі пададзеныя пазовы супраць кіраўнікоў ЗША, Вялікай Брытаніі й Ізраілю. У будучым суды будуць разглядаць толькі справы, якія тычацца бэльгійскіх грамадзянаў, а таксама замежнікаў, якія жывуць у Бэльгіі. Папраўкі да закону, як чакаецца, будуць ухваленыя бэльгійскім парлямэнтам у жніўні. Бэльгійскі закон супраць ваенных злачынстваў набыў моц у 1993 годзе. У мінулым ён быў пасьпяхова ужыты ў дачыненьні да двух манахінь з Руанды, якія бралі ўдзел у генацыдзе супраць народу тутсі ў іхняй краіне. Манахінь прысудзілі да 12 і 15 гадоў зьняволеньня. Аднак, адзначае “Financial Times”, быў заўважаны й шэраг палітычна матываваных справаў супраць замежных урадоўцаў, кіраўнікоў дзяржаваў і вайскоўцаў, якія выклікалі рэзкае незадавальненьне Ізраілю і ЗША і павялічвалі напружаньне паміж бэльгійскім лева-цэнтрысцкім урадам і Вашынгтонам ды Ізраілем.
Справу супраць ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона ўзбудзілі людзі, якія засталіся жывымі пасьля разьні ў палестынскіх лягерах уцекачоў Шабра і Саціла ў 1982 годзе. Яны сьцьвярджаюць, што Арыэль Шарон мае датычнасьць да забойстваў, якія зьдзяйсьнялі падтрыманыя Ізраілем экстрэмісцкія групоўкі хрысьціян-маранітаў. І хаця Вярхоўны суд Бэльгіі пастанавіў сёлета ў лютым, што Шарон ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці, інцыдэнт меў дыпляматычныя наступствы – Ізраіль адклікаў свайго амбасадара з Бэльгіі. А Злучаныя Штаты нават пагражалі спыніць фінансаваньне новай штаб-кватэры НАТО у Брусэлі, пакуль бэльгійскі суд ня спыніць справу супраць генэрала Томі Фрэнкса, кіраўніка Цэнтральнага камандаваньня ЗША ў часе вайны ў Іраку й іншых высокапастаўленых амэрыканскіх урадоўцаў, улучна зь дзяржсакратаром ЗША Колінам Паўэлам і віцэ-прэзыдэнтам Дыкам Чэйні.
“Financial Times” адзначае, што ў часе вайны ў Іраку, якую жорстка скрытыкаваў бэльгійскі ўрад, у бэльгійскі суд былі пададзеныя пазовы супраць і Джорджа Буша, і Тоні Блэра. Абодвух палітыкаў абвінавацілі ў ваенных злачынствах у Афганістане й Іраку. Аднак абедзьве справы былі закрытыя. Цяпер, пасьля перагляду закону, такія справы павінны будуць разглядаць суды краінаў, чыімі грамадзянамі ёсьць тыя, супраць каго падаюцца пазовы. Дарэчы, у сьпісе тых, супраць каго яшчэ былі пададзеныя пазовы ў бэльгійскі суд – Дональд Рамсфэльд, Ясір Арафат, Фідэль Кастра і Садам Хусэйн.