Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ БЕЛАРУСЫ ЛІЧАЦЬ СЬМЕРЦЬ І ПАХАВАНЬНЕ ВАСІЛЯ БЫКАВА САМАЙ ВАЖНАЙ ПАДЗЕЯЙ ГОДУ

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Пачалася сустрэча хвілінай маўчаньня ў памяць Васіля Быкава. Вёў вечарыну старшыня Нью-ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка, які нагадаў, што апошнім часам беларускія арганізацыі некалькі разоў запрашалі Васіля Ўладзімеравіча наведаць Амэрыку, але ён увесь час ветліва адмаўляўся, спасылаючыся на стан здароўя. Лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк выступіў з даволі падрабязным аналізам творчасьці Васіля Быкава ў кантэксьце ўсясьветнай літаратуры. Адзначыў Зянон Пазьняк і мужную грамадзянскую пазыцыю Быкава ў 80-90-ых гадах. Варта нагадаць, што Быкаў пад час прэзыдэнцкіх выбараў актыўна падтрымліваў Пазьняка.

Дырэктар нью-ёрскага Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БеНІМ) Вітаўт Кіпель узгадаў пра свае сустрэчы з Васілём Уладзімеравічам і паказаў прысутным фотаздымкі. Узгадаў спадар Кіпель і пра тое, што аповесьць "Мёртвым не баліць" упершыню была выдадзеная ў 1965 годзе менавіта на эміграцыі; сам Быкаў, дарэчы, даведаўся пра гэта толькі на пачатку 90-ых гадоў. Вітаўт Кіпель заўважыў, што імя выдатнага беларускага пісьменьніка вельмі добра вядомае амэрыканцам – Быкаў ужо з 70-ых гадоў фігуруе ва ўсіх амэрыканскіх літаратурных энцыкляпэдыях, прычым падкрэсьліваецца менавіта беларускасьць Быкава, а не падаецца ён як "савецкі" пісьменьнік. Выступіў і госьць зь Беларусі, старшыня Віцебскай абласной Рады ТБМ Іосіф Навумчык, які распавёў пра мерапрыемствы памяці Быквава на радзіме пісьменьніка. Інтелегенцыя Віцебшчыны даўно казала пра тое, што ў хаце, дзе прайшло дзяцінства Быкава, павінен быць музэй, але сам Васіль Уладзімеравіч гэтую ідэю не падтрымліваў. Цяпер мэмарыялізацыя мясьцінаў, звязаных з памяцьцю вялікага беларускага пісьменьніка – наш авязак, лічыць спадар Навумчык.

Кіраўнік галоўнай управы БАЗА Антось Шукелойць у сваім выступе распавядаў пра высілкі амэрыканскіх беларусаў ў справе наданьня Васілю Быкаву Нобелеўскай прэміі. Усе прысутныя, аднак, пагадзіліся зь меркаваньнем, што Быкаў застаецца найвыбітнейшым эўрапейскім пісьменьнікам нашага часу. Практычна ўсе выступоўцы лічаць, што сьмерць і пахаваньне Васіля Быкава – сумная, але і самая важная падзея гэтага году ў Беларусі, што б там не адбылося надалей.
XS
SM
MD
LG