Барыс Нямцоў піша, што сёньня, калі хваля тэрору зноў прыйшла ў сталіцу Расеі, калі ўспаміны пра ахвяраў апошняга тэрарыстычнага нападу ў Маскве і трагедыі на Дуброўцы яшчэ зусім сьвежыя, улады мусяць зразумець, што чачэнскі тэрарызм можна спыніць толькі ў тым выпадку, калі прэзыдэнт Пуцін зразумее шэраг відавочных падзеяў – што другая вайна ў Чачэніі працягваецца, што рэальны працэс нармалізацыі яшчэ нават не пачынаўся, а таксама тое, што ініцыятыва ўладаў замяніць рэальны працэс нармалізацыі псэўдапрацэсам толькі стварае тэрарызм. А самае галоўнае – вядзе да сьмерцяў нявінных людзей.
На патрабаваньні тэрарыстаў Пуцін адказаў цьвёрда і недвухсэнсоўна – перамоваў ня будзе, мы будзем змагацца з тэрарызмам да поўнай перамогі.
Можна зразумець Пуціна як з пункту гледжаньня пэрсанальнага, так і з пункту гледжаньня ягонай выбарчай кампаніі, якая ўжо пачалася. У 1999 годзе другая чачэнская вайна, якую Пуцін ініцыяваў, дапамагла яму стаць прэзыдэнтам. У 2004 годзе тая ж самая вайна, калі яна ня скончыцца, можа яму перашкодзіць. Пуцін ведае, што нешта трэба зрабіць. Але Пуцін не гатовы заявіць, што пачаць вайну было памылковым крокам, і распачаць перамовы з тымі, з кім ён змагаўся. Прынамсі, пакуль не гатовы. Таму ягоныя заявы пра мірную нармалізацыю прыходзяць у супярэчаньне з дэклярацыямі пра неабходнасьць змагацца з бандытамі і тэрарыстамі да канца.
Доўгая гісторыя барацьбы з тэрарызмам у сьвеце паказвае, што такі шлях дзеяньняў не вядзе да спыненьня тэрарыстычных нападаў альбо ўсталяваньня міру. Прыгадаем гісторыю Ірляндзкай рэспубліканскай арміі альбо алжырскага тэрору ў Францыі, альбо апошнія падзеі на Блізкім Усходзе.
Барыс Нямцоў адзначае, што калі ён настойвае на працэсе палітычнай нармалізацыі ў Чачэніі, ён ня бачыць гэты сьвет у ружовых колерах. “Я добра разумею, што прэзыдэнцкая і парлямэнцкая выбарчыя кампаніі, якія зараз адбываюцца ў Расеі, робяць рэальны і сур’ёзны палітычны працэс немагчымым да выбараў. Пуцін перакананы, што гэта можа зьменшыць ягоную папулярнасьць. Хаця ў дадзеным выпадку цяжка сказаць, што больш нэгатыўна будзе ўплываць на ягоны рэйтынг – нежаданьне прызнаць памылку альбо далейшыя тэрарыстычныя акты”, – піша Барыс Нямцоў.
Але адно зразумела – Пуцін не гатовы прыняць рашэньне. І гэта азначае, што вайна з тэрорам у Расеі будзе працягвацца, будуць новыя выбухі і новыя ахвяры.
Але ёсьць і іншы шлях, які ёсьць не настолькі радыкальным альбо эфэктыўным, але цалкам адпаведным пачатку працэсу перамоваў. Трэба даць рэальную магчымасьць маскоўскаму прадстаўніку ў Чачэніі Кадыраву распачаць унутраны дыялёг у рэспубліцы.
Аднак, калі зыходзіць з пазыцыі фэдэральных уладаў што да сытуацыі ў Чачэніі, магчымасьць сур’ёзнага дыялёгу вельмі нізкая. Але кожную магчымасьць трэба выкарыстоўваць.