Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯТРО КРАЎЧАНКА: “ЯК ЗАЎСЁДЫ, ЛУКАШЭНКУ ПАТРЭБНЫЯ ВОРАГІ”


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “У любой краіне адстаўка прэм’ера зьяўляецца неардынарнай палітычнай падзеяй у жыцьці грамадзтва. Прычым адстаўка прэм’ера лічыцца адстаўкай ураду. Звычайна для гэтага патрэбныя значныя палітычныя альбо эканамічныя падставы. У нашым выпадку, здаецца, ніякіх сур’ёзных прычынаў для гэтага не было. Якая сапраўдная прычына гэтых падзеяў? Ці сапраўды вінаваты ўрад?”

(Пятро Краўчанка: ) “Сапраўдныя прычыны значна глыбейшыя. А тое, што адбываецца на тэлеэкране, адназначна называю “палітычным тэатрам”, “тэатрам абсурду”. Навіцкі, Папкоў, Русы — гэта проста выканаўцы. Гэта дастаткова прыстойныя людзі, і мне іх сёньня проста шкада. Шкада іх асабіста, таму што ім зламалі палітычна хрыбет, і дзякуй Богу, што не зламалі фізычна хрыбет. На іх месцы мог апынуцца любы іншы чыноўнік зь ліку кіраўніцтва. Яны проста стрэлачнікі.

А сапраўдныя, глыбокія прычыны палягаюць у эканамічнай плашчыні. Проста, як заўсёды, Лукашэнку патрэбныя ворагі. Трэба перавесьці стрэлкі на нейкіх стрэлачнікаў. Такімі людзямі і абраныя тыя асобы, якіх звольнілі”.

(Карбалевіч: ) “Які цяпер маральны стан чынавенства? І які рэзананс у асяродку намэнклятуры могуць выклікаць гэтыя гучныя адстаўкі?”

(Краўчанка: ) “Я маю дастаткова шмат сяброў сярод чыноўнікаў высокага і сярэдняга рангу. І магу сказаць, што ў калідорах улады сёньня проста жахлівая сытуацыя. У Менскім аблвыканкаме, у адміністрацыі прэзыдэнта, у Доме ўраду на калідоры не сустрэнеш ніводнага чалавека. Усе зашыліся па кабінэтах, сядзяць як мышы пад венікам. Я даю вам гэтую інфармацыю на падставе аб’ектыўных фактаў, якія мне перадаюць. Усе баяцца.

Ня можа ні адзін чалавек, асабліва чыноўнік, нармалёва працаваць, калі над ім вісіць дамоклавы меч. Здаецца, што аўтарытарны рэжым заганяе сам сябе ў кут. І вынікі гэтай непрадуманай дзейнасьці будуць мець нейкую рэалізацыю ў самы блізкі час. Незадаволенасьць беларускага чынавенства проста перапаўняе чару цярпеньня”.

(Карбалевіч: ) “У чацьвер, на нарадзе Лукашэнка папярэдзіў вышэйшых чыноўнікаў: ня думайце, што я ад вас залежу. Ён папярэдзіў, каб намэнклятура не спрабавала гуляць самастойную гульню. Што, Лукашэнка баіцца намэнклятуры?”

(Краўчанка: ) “Зразумела, такія пачуцьці ёсьць і ў чалавека, якога абралі прэзыдэнтам. Па-чалавечы яму можна паспачуваць. Кожная такая сытуацыя не праходзіць бясьсьледна. І ўсе гэтыя стрэсавыя сытуацыі дзейнічаюць на чалавека разбуральна”.

(Карбалевіч: ) “Выканаўцам абавязкаў прэм’ера прызначаны спадар Сідорскі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэта?”

(Краўчанка: ) “Я вельмі зьдзіўлены тым, што выконваць абавязкі прэм’ера прызначаны спадар Сідорскі. На мой погляд, гэта жорсткі чалавек, які ня мае маральнага права ўзначальваць урад. Толькі адзін прыклад з асабістага досьведу.

У жніўні мінулага году я прывез у Менск дастакова сур’ёзную японскую дэлегацыю, якую павінен быў прымаць Сідорскі. І вось уявіце, што першы намесьнік міністра замежных справаў Японіі чакае віцэ-прэм’ера ў афіцыйнай залі паседжаньня Савету Міністраў 10, 15, 20 хвілінаў. Японцы — у шокавым стане. Сытуацыя вельмі непрыемная. Я быў вымушаны падняцца, прайсьці ў кабінэт Сідорскага. Высьветлілася, што ён моцна крытыкуе кагосьці з падначаленых. У яго не хапіла сумленьня нават папрасіць прабачэньня за сваё спазьненьне на 20 хвілінаў.

Ня можа так паводзіць сябе чыноўнік высокага рангу з прадстаўнікамі замежнай дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG