Беларускія афіцыйныя прадстаўнікі часта гавораць пра “падвойныя стандарты” заходніх краінаў і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, маўляў, ёсьць краіны, дзе становішча з правамі чалавека значна горшае, чым у Беларусі, аднак крытыка на адрас гэтых краінаў – значна больш стрыманая, чым на адрас Беларусі. Вось і ўчора, камэнтуючы апошнюю рэзалюцыю Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў справе Беларусі, прадстаўнік беларускага МЗС казаў пра гэтыя самыя “падвойныя стандарты”. Як Вы ацэньваеце становішча з правамі чалавека ў Беларусі на тле іншых постсавецкіх краінаў? – з такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка Міжнароднай Гельсынскай Фэдэрацыі Аарона Роўдза.
(Роўдз: ) “Я ня ведаю, наколькі карысным можа быць параўнаньне стану правоў чалавека ў Беларусі зь іншымі краінамі. Беларусь увесь час парушае стандарты правоў чалавека, тыя стандарты, якія ўсталявалі АБСЭ і ААН. Мы не параўноўваем стан з правамі чалавека ў Беларусі з краінамі, дзе сытуацыя яшчэ горшая, бо гэта не дапамагае людзям, якія там жывуць і церпяць ад гэтых парушэньняў. Пытаньне падвойных стандартаў – гэта аргумэнт, які высоўваюць улады Беларусі. Гэта вельмі добра для беларускіх уладаў, калі жахлівыя рэчы здараюцца ў іншых краінах, напрыклад, у Цэнтральнай Азіі. Але рэч у тым, што Гельсынскі камітэт крытыкуе не асобныя краіны, а ўсе краіны, дзе парушаюцца правы чалавека”.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі увесь час крытыкуюць беларускія ўлады, не пакідаючы па-за ўвагаю ніводзін выпадак парушэньня грамадзянскай свабоды. Але ці ўплывае гэта нейкім чынам на сытуацыю, ці не ператвараецца ў пэўны рытуал, на які афіцыйны Менск проста не зьвяртае ўвагі?
(Роўдз: ) “Мы мяркуем, што гэта мае зваротны эфэкт. Міжнародныя арганізацыі, якія назіраюць за станам правоў чалавека, такія як Гельсынскі камітэт, Amnesty International, адсочваюць усе выпадкі парушэньняў і паведамляюць пра іх. Мэта нашай працы – падвышаць для аўтарытарных рэжымаў рызыку парушэньня правоў чалавека, выкарыстоўваючы ціск міжнароднай грамадзкасьці, міжнародных мэдыяў. Мы робім тое, што мы можам, калі б мы гэтага не рабілі, было б яшчэ горш. Апроч гэтага, нашая дзейнасьць накіраваная на вырошчваньне грамадзянскай супольнасьці. Гэта – доўгатэрміновы працэс. Нашыя высілкі, дакумэнтаваньне і паведамленьні пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі робяць унёсак у стварэньне беларускай грамадзянскай супольнасьці”.