Спадар Фарыно паведаміў, што 10 ліпеня Менгарвыканкам прыняў Пастанову аб стварэньні Менскага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю замест ліквідаванага Нацыянальнага. Але ня даў пэўнага адказу, калі пачне працаваць гэтая ўстанова.
(Фарыно: ) “Будынак пабудавалі ў 1955 годзе. Там быў інтэрнат для завочнікаў вышэйшай партшколы. Ніколі не рабілі рамонт. У нас ёсьць заключэньне “Будрэмканструкцыі” пра тое, што часткі апорных канструкцыяў прыйшлі ў нездавальняючы стан. Неабходны капітальны рамонт гэтага будынку. Ужо з гарадзкога бюджэту выдалі грошы на капітальны рамонт. Былых вучняў ліцэю імя Я.Коласа зь іхнай згоды залічаць у новы ліцэй. Усім выкладчыкам таксама прапануюць працу ў новым ліцэі”.
Спадар Фарыно папярэдзіў журналістаў:
(Фарыно: ) “Я хачу папярэдзіць і папрасіць вас не распаляць жарсьці з нагоды закрыцьця гэтай навучальнай установы. Трэба ставіцца спакойна”.
Намесьнік міністра патлумачыў сытуацыю з прызначэньнем новай дырэктаркі Тамары Шчэрбачэвіч. Яна цяпер таксама звольненая з працы згодна з законам аб ліквідацыі. Камісія ад Камітэту адукацыі будзе працаўладкоўваць выкладчыкаў і прызначаць новага дырэктара. Але калі менавіта пачнецца гэтая праца, невядома.
(Фарыно: ) “Калі да 25 жніўня рамонт ня скончыцца, то Камітэт адукацыі зробіць захады, каб навучэнцы два-тры месяцы альбо нейкі вызначаны тэрмін займаліся ў нейкіх навучальных установах Менску”.
Спадар Фарыно яшчэ ня ведае на якой мове будуць выкладаць у новым ліцэі. Увогуле, ён ня змог падаць канкрэтных лічбаў, што да памяншэньня колькасьці беларускамоўных школаў.
Бацькі ліцэістаў 15 ліпеня на бацькоўскім сходзе абмяркуюць тлумачэньні намесьніка міністра аб тым, што будынак зачыняюць для правядзеньня рамонту на няпэўны тэрмін. Яны непакояцца, што менавіта на гэтай падставе чыноўнікі расфармуюць дзяцей па розных школах, і тады ліцэй будзе зьліквідаваны ўжо ня толькі фармальна.