Ад 12 ліпеня прадпрымальнікі вяртаюцца на свае працоўныя месцы на рынку “Ждановічы”. Напярэдадні некалькі дзясяткаў чалавек, найперш гандляры футрам і скурай, пры патрымцы ўладальнікаў менскіх камэрцыйных шапікаў сабраліся перад будынкам Менаблвыканкаму. Мэта — перадаць уладам пэтыцыю з патрабаваньнем адмяніць забарону на гандаль:
(Прадпрымальніца: ) “Хтосьці мне камандуе, чым мне гандляваць, дзе гандляваць. Я сама вырашу, дзе мне працаваць, калі працаваць і колькі. І купляць: дзе купляць і па якім кошце купляць”.
11 ліпеня ў перамовах зь менскімі абласнымі ўладамі на чале з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Леанідам Крупцом прадпрымальнікі выступалі ад імя грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Тлумачыць кіраўнік арганізацыі Анатоль Шумчанка:
(Шумчанка: ) “З прадпрымальнікамі ніхто ня будзе размаўляць. І ў дадзеным выпадку размаўлялі не з прадпрымальнікамі, а з арганізацыяй”.
Зусім нядаўна аб’яднаньне “Пэрспэктыва” дамаглося ад менскіх гарадзкіх уладаў адтэрміноўкі на месяц закрыцьця камэрцыйных шапікаў у сталіцы:
(Шумчанка: ) “Калі б у нас сацыяльныя групы аб’ядноўваліся, і так вырашалі менавіта жыцьцёвыя праблемы, то, мяркую, у нас ў краіне цяпер была крыху іншая”.
У гандляроў футрам, скуранымі ды электроннымі таварамі са “Ждановічаў”, сытуацыя больш пэўная, чым у менскіх уладальнікаў шапікаў. І пасьля 1 студзеня 2004 году ждановіцкія прадпрымальнікі застаюцца на працоўных сваіх месцах. Пры ўмове, што спарадкуюць свае гандлёвыя месцы, аб’яднаюць іх у адзіны павільён.