Лідэр БНФ Вінцук Вячорка назваў адстаўкі міністраў, адказных за сельскую гаспадарку, разбуральнымі напярэдадні ўборкі ўраджаю. Гэта цалкам палітычная кампанія, кажа спадар Вячорка. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама ўпэўнены ў гэтым:
(Лябедзька: ) “Гэта азначае, што мы ідзем да рэфэрэндуму. І Лукашэнка разумее, што выйграваць вялікія палітычныя кампаніі, як рэфэрэндум з рэйтынгам на 12,8% немагчыма. Нават калі ты маеш уплыў на сыстэму падліку галасоў. Вось гэтая кампанія — знайсьці вінаватых за поўны правал эканомікі — яна павінна дапамагчы Лукашэнку хаця б часткова вярнуць сымпатыі выбарцаў”.
Анатоль Лябедзька мяркуе, што іншай падставай для сёньняшніх рашэньняў А.Лукашэнкі было жаданьне запалохаць вэртыкаль. Але цяпер дабіцца росту ўласнага рэйтынгу А.Лукашэнку будзе цяжэй, чым тры гады таму, мяркуе спадар Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Сёньня ўсё ж расчараваньне зайшло вельмі й вельмі далёка. Людзі ўжо бачаць ня толькі дрэнных баяраў. Але бачаць праблемы і ў самім цары”.
Вядомы сацыёляг Алег Манаеў таксама ўпэўнены, што пачался падрыхтоўка да рэфэрэндуму ці да іншых дзеяньняў, скіраваных на працяг знаходжаньня А.Лукашэнкі ля ўлады. Спачатку пачаўся ўціск незалежных арганізацыяў і незалежнай прэсы, цяпер жа ідзе чарговае перакладаньне адказнасьці за сацыяльна-эканамічны крызыс на выканаўчую ўладу.
(Манаеў: ) “Калі гэтыя дзеяньні, у дадзеным выпадку разгон ураду і іншых структураў выканаўчай вэртыкалі, ня будуць суправаджацца хаця б часовым, на паўгоду да правядзеньня рэфэрэндуму, рэальным падвышэньнем дабрабыту і навядзеньнем парадку, калі гэта застанецца толькі ідэалягічнай справай, гэта нічога ня дасьць дзеля дасягненьня тых мэтаў, якія Лукашэнка ставіць”.
Алег Манаеў мяркуе, што для гэтых асаблівых мэтаў А.Лукашэнка можа выкарыстаць свае пазабюджэтныя фонды, якія памерамі супастаўляльныя зь дзяржбюджэтам.
Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір называе сёньняшнія рашэньні А.Лукашэнкі не папулісцкім крокам.
(Чыгір: ) “Становішча ў эканоміцы вельмі дрэннае. Нагоду заўжды можна знайсьці, знайшлі нагоду, што своечасова не разьлічваюцца са здатчыкамі сельгаспрадукцыі. Навіцкі ж самастойна ніякіх рашэньняў не прымаў. Былі каманды зьверху. Прэзыдэнт прымае асноўныя рашэньні ў нашай эканоміцы”.
Міхаіл Чыгір мяркуе, што рэфэрэндум аб трэцім тэрміне Лукашэнкі будзе ўжо гэтай восеньню.
Эканаміст Леанід Заіка кажа, што звальненьне прэм’ера і міністраў за некалькі мільёнаў даляраў запазычанасьці за здадзенае малако і мяса выглядае дзіўна. Гэта толькі жэст, бо ў эканоміцы нашмат больш праблемаў, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы.
(Заіка: ) “Беларускі прэзыдэнт цудоўна разумее, што тыя капейкі, якія не атрымалі сяляне ў вёсках, яны ўплываюць на ягоную рэпутацыю, на яго імідж у сотні разоў болей, чым агульныя макраэканамічныя праблемы краіны”.
Леанід Заіка кажа, што ў цэлым на сытуацыі ў эканоміцы гэтыя адстаўкі не адаб’юцца. Што да Генадзя Навіцкага, то ягоны лёс — лёс чалавека, які стаў прэм’ерам з прымусу ці з волі выпадку. Ён ня меў сваёй праграмы і сваёй каманды. Леанід Заіка мяркуе, што ў анамальнай эканоміцы анамальны прэм’ер доўга быць ня можа.