Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ АБВІНАВАЧВАЕ ПА АБСЭ Ў ПАДВОЙНЫХ СТАНДАРТАХ


Юры Сьвірко, Менск

На чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я папрасіў яго прэсавага сакратара Андрэя Савіных пракамэнтаваць жорсткую рэзалюцыю наконт сытуацыі ў Беларусі, што была прынятая ў Ратэрдаме на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

(Cавіных: ) “Існуе шэраг пытаньняў, міма якіх прайсьці нельга падчас ацэнкі гэтай рэзалюцыі. Па-першае, адбыўся круглы стол па Беларусі ў межах сэсіі й была прынятая асобная рэзалюцыя па Беларусі. Шмат якія ўдзельнікі сэсіі, відавочна, выказвалі думку аб тым, што беларуская праблема ня ёсьць найбольш актуальнай і найбольш неадкладнай у межах рэгіёну АБСЭ. Тым ня менш, толькі па Беларусі былі праведзеныя гэтыя мерапрыемствы. На палітычнай мове гэта якраз і называецца падыходам падвойных стандартаў”.

Спадар Савіных заявіў, што тэкст рэзалюцыі наконт Беларусі мае дзяжурны характар, у ім не зьявілася нічога новага. Прэсавы сакратар МЗС зазначыў таксама, што рэзалюцыю ПА АБСЭ мусяць найперш камэнтаваць дэпутаты беларускага парлямэнту.

Але тыя два сябры Палаты прадстаўнікоў, якія езьдзілі ў Ратэрдам і датэрмінова адтуль зьехалі, адмаўляюцца ад усялякіх камэнтароў. Намесьнік старшыні камісіі ў справах Чарнобылю Ўладзімер Дзервянкоў, які браў удзел у сэсіі ПА АБСЭ, сказаў мне па тэлефоне наступнае:

(Дзервянкоў: ) “Я па тэлефоне не даю ніякіх камэнтароў. Не па тэлефоне! Я па тэлефоне нікому не даю”.

Спадар Дзервянкоў быў вельмі заняты — ён глядзеў па тэлевізары прамову Аляксандра Лукашэнкі, які звальняў урадоўцаў.

Яшчэ аднаго ўдзельніка ратэрдамскай сэсіі — намесьніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе дзяржаўнага будаўніцтва Міхаіла Арду — удалося знайсьці на ягоным іншым месцы працы, у ЦК Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, дзе ён абраны першым сакратаром. Спадар Арда перадаў адказ праз сваю сакратарку:

(Сакратарка: ) “Міхаіл Сяргеевіч у нас ёсьць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Зрабіце ласку, тэлефануйце ў парлямэнт — ён папрасіў толькі праз прэсавую службу парлямэнту зь ім зьвязвацца ў гэтым пытаньні”.

У прэсавую службу Палаты прадстаўнікоў я патэлефанаваў ад самага пачатку — там мне дапамаглі толькі тым, што далі нумары тэлефонаў спадароў Арды і Дзервянкова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG