Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ЛУКАШЭНКА АДПРАВІЎ У АДСТАЎКУ КІРАЎНІКА ЎРАДУ БЕЛАРУСІ ГЕНАДЗЯ НАВІЦКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

За 9 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка разьвітаўся з чацьвертым прэм’ерам. Толькі ягоны першы прэм’ер Міхаіл Чыгір пайшоў у адстаўку па сваёй волі, усіх астатніх — а гэта былі Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын і Генадзь Навіцкі — Аляксандар Лукашэнка здымаў сам прыкладна праз два гады кожнага.

Сёньня падчас непрацяглай нарады ў сваёй адміністрацыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў яго няма перакананасьці ў тым, што ўрад пад кіраўніцтвам Навіцкага будзе “эфэктыўным эканамічным штабам”. Навіцкаму паставілі ў віну невыкананьне шэрагу эканамічных і сацыяльных задачаў, але асабліва націскаў кіраўнік дзяржавы на такі недахоп як “фальсыфікацыя фактаў”.

(Лукашэнка: ) “І што асабліва недапушчальна — аб чым я таксама папярэджваў — за фальсыфікацыю і скажэньне фактаў”.

Нагадаем, напярэдадні, 8 ліпеня Аляксандар Лукашэнка высьветліў, што ўрад пад кіраўніцтвам Навіцкага яго падманвае, калі рапартуе аб адсутнасьці запазычынасьці па заробках, хаця насамрэч гэтая запазычанасьць складае больш за 60 мільярдаў рублёў.

Акрамя кіраўніка Саўміну адстаўкамі пакараныя таксама віцэ-прэм’ер Аляксандар Папкоў, які курыраваў сельскую гаспадарку, міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы ды яшчэ шэраг чыноўнікаў ніжэйшага ўзроўню. Аляксандар Лукашэнка таксама наклаў спагнаньні на кіраўнікоў вобласьцяў. Як ён сказаў, што “апошні раз” атрымалі вымовы старшыні Берасьцейскага, Менскага, Гомельскага і Гарадзенскага выканкамаў. Асабліва дасталося старшыні Менскага выканкаму Мікалаю Дамашкевічу.

(Лукашэнка: ) “Фальсыфікацыя і асаблівыя навацыі ў апошні час сталі нормай працы Мікалая Фёдаравіча”, — адазваўся Лукашэнка пра дзейнасьць кіраўніка Менскай вобласьці Дамашкевіча.

Таксама аказаліся вінаватымі перад Лукашэнкам кіраўнік адміністрацыі Ўрал Латыпаў, старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў і міністар гандлю Аляксандар Кулічкоў. Ім аб’яўленыя вымовы. Вымову атрымаў і старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозік, чые падначаленыя і выкрылі фальсыфікацыю фактаў, якую дапусьціў урад.

Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу рэфармаваць дзейнасьць ураду. Дзеля гэтага належыць на траціну абнавіць сам урад, а ягоны апарат скараціць, адначасова падмацаваўшы лепшымі кіраўнікамі гарадзкіх і раённых выканкамаў, а таксама дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Абвесьціў Лукашэнка і пра тое, што два дзейныя міністры падалі самі ў адстаўку, і ён думае гэтыя заявы задаволіць, аднак прозьвішчы гэтых міністраў не назваў.

Пры канцы выступу Аляксандар Лукашэнка зьмякчыў тон размовы з вышэйшымі чыноўнікамі. Ён заявіў, што ні ў якім разе нельга лічыць адстаўнікоў ворагамі й паабяцаў усіх добра ўладкаваць. Віцэ-прэм’ер Папкоў мог бы быць рэктарам і адначасна кіраваць рэспубліканскім фэстывалем “Дажынкі”, лічыць Аляксандар Лукашэнка. Згадаў ён і адстаўленага прэм’ера Навіцкага, назваўшы яго чалавекам “мяккім і добрым”, аднак пэўных прапановаў на адрас Навіцкага з вуснаў Лукашэнкі не прагучала.

Скончыў сваю прамову Аляксандар Лукашэнка папярэджаньнем усім чыноўнікам, што калі яны дрэнна будуць працаваць, то “ўсіх разам зь ім народ выкіне на ўзбочыну гісторыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG