Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ РЫНКУ “ЖДАНОВІЧЫ” ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ АБМЕЖАВАНЬНЯ НА ПРОДАЖ ШЭРАГУ ТАВАРАЎ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Большасьць з тых, хто сабраўся перад Менаблвыканкамам, уваходзяць у склад грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Кажа кіраўнік арганізацыі Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Мы на сёньняшні дзень пакуль што не высоўваем палітычных патрабаваньняў. Мы папросту прыйшлі перадаць ліст”.

Прадпрымальнікі казалі пра недасяжныя кошты на арэнду памяшканьняў у гандлёвых цэнтрах ці на ўласныя павільёны:

(Прадпрымальніца: ) “Тут сабралася маса тых, хто ня можа выкупіць месцы за 52 тысячы даляраў. І плаціць паўтары тысячы за месяц — арэнду. Іх немагчыма зарабіць”.

Адсюль праблема беспрацоўя:

(Прадпрымальніца: ) “Тут у асноўным стаяць людзі з вышэйшай адукацыяй. Людзі папросту ня маюць працы. У большасьці зь іх узроставы цэнз. На прадпрыемствы іх ня возьмуць. Хіба прыбіральшчыцамі ці сьмецярамі”.

(Прадпрымальніца: ) “Улада павялічвае беспрацоўе ў краіне”.

У адной з прадпрымальніц сям’я з васьмі чалавек — усе дарослыя занятыя ў сямейным гандлі футрам.

(Прадпрымальніца: ) “Мы плацім такія падаткі, што кожны ўтрымлівае па пяць-шэсьць бабулек. І гэтыя, што ў гэтым будынку сядзяць, заробкі атрымліваюць напэўна ад таго, што мы торбы цягаем туды-сюды. І рукі, як у малпаў, па пяткі сталі”.

Гаворачы пра заробкі, спадарыня мела на ўвазе супрацоўнікаў Менаблвыканкаму. Дарэчы, рашэньне пра абмежаваньне гандлю электратаварамі, футрам і скуранымі вырабамі падпісваў намесьнік старшыні Менаблвыканкаму Леанід Крупец. Спадар Крупец выйшаў да прысутных і спрабаваў перанесьці сустрэчу на пазьнейшы тэрмін:

(Крупец: ) “Тэрмін разгляду заявы — месяц”.

Але ўрэшце дамовіліся, што чыноўнікі прымуць дэлегацыю прадпрымальнікаў ранкам 11 ліпеня. Мінакі, да якіх я зьвярнуўся на вуліцы, спачувалі гандлярам, але ставіліся да іхных намаганьняў са скепсысам:

(Спадарыня: ) “Прадпрымальнікаў прыціснулі — яны пайшлі. Ім штосьці паабяцалі, костку кінулі — яны супакоіліся. А так, каб еднасьць, згуртаванасьць…”

Але кіраўнік “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка запэўніў, што калі ўлады ня пойдуць на сустрач прадпрымальнікам, барацьба працягнецца:

(Шумчанка: ) “Будзем далейшыя акцыі пратэсту ладзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG