Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКЛОЎЦЫ СТВАРАЮЦЬ БУДАЎНІЧЫЯ БРЫГАДЫ І ЕДУЦЬ ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ Ў РАСЕЮ


Марыя Ўсьціновіч, Шклоўскі раён

Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Шклоўскім раёне не дасягае 4%, на ўліку ў цэнтры занятасьці зарэгістравана 440 беспрацоўных. Аднак паводле інфармацыі рэдакцыі недзяржаўнага выданьня “Шклоўскія навіны”, у раёне не працуе некалькі тысяч людзей працаздольнага ўзросту.

27-гадовы жыхар вёскі Данькавічы Андрэй раней працаваў на папяровай фабрыцы “Спартак”, аднак ужо некалькі гадоў езьдзіць наймацца будаўніком у Падмаскоўе.

(Андрэй: ) “Тут няма ніякай працы ў Шклове. Ёсьць праца тысяч за 60, я не магу пракараміць за гэта сваю сям’ю”.

Разам з трыма сябрамі Андрэй арганізаваў будаўнічую брыгаду, якая прапануе свае паслугі на аўтастаянцы ў падмаскоўным мястэчку Тучкова, дзе звычайна наймаюць рабочых зь Беларусі.

(Андрэй: ) “У нас цяпер на стаянцы, дзе ўсяго аўтамабіляў 40, са Шклова машын 13–14. Вось толькі з нашага гораду. Шмат хто працуе”.

Працаваць у Расеі выпадае 12–14 гадзінаў у суткі, без выходных дзён. Затое за месяц удаецца зарабіць прыкладна тры сотні даляраў. У родным Шклове можна зарабіць максымум сто даляраў на месяц, і гэта толькі ў тым шчасьлівым выпадку, калі знойдзеш працу.

(Андрэй: ) “Беспрацоўе — першая прычыны ад’езду ўсіх. Я б з задавальненьнем жыў бы тут, гадаваў дзяцей і жыў бы дома. Пакуль ня маю магчымасьці”.

Іншы шкловец Юры яшчэ пяць гадоў таму кінуў працу кіроўцы і стаў спэцыялістам-сантэхнікам у складзе будаўнічай брыгады, якая шукае працы ў Расеі. Паволе падлікаў Юрыя, адсоткаў 60 працаздольных шклоўскіх мужыкоў, якім трэба ўтрымліваць сем’і і дзяцей, аддаюць перавагу цяжкім, але прыстойным заробкам у Расеі.

(Юры: ) “Усе хочуць зарабіць. Каб мне зараз уладкавацца на працу — проста няма куды. Пойдзеш грузчыкам за 30 тысячаў? Навошта гэта мне? Можна на бутэльках больш зарабіць”.

Будаўнікі лічаць нерэальнымі афіцыйныя зьвесткі аб узроўні беспрацоўя на Шклоўшчыне.

(Андрэй: ) “Калі сабраць увесь Шклоў і паставіць на біржу, то яны ахнуць. Большая частка насельніцтва Шклова сядзіць там, у Расеі”.

Шклоўскія мужчыны, якія навучыліся самастойна зарабляць грошы, ня вераць абяцаньням палепшыць жыцьцё народу, якія дае ўлада і асабіста іх зямляк Аляксандар Лукашэнка.

(Андрэй: ) “Не, абяцаньні ня спраўджваюцца. З кожным годам усё горш і горш. За 9 гадоў ягонага прэзыдэнцтва я ня бачу ніякага паляпшэньня жыцьця”.

(Юры: ) “Што ён гаворыць — у гэта я ня веру. Ці мы добра жывем? Наадварот, мы сталі жыць горш. Да яго дрэнныя пачуцьці. Любіць языком балбатаць. А так ён ня ўмее рабіць справы. Толку няма зь яго. Пустыя размовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG