Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 10 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Минские губернские ведомости”, 1853 год. “Аб росшуку габрэя Сельдзіна”:

“1-й гільдыі сын купца Залман Янкелевіч Гурвіч для закупкі рагожаў выслаў у Бабруйскі уезд менскага мешчаніна габрэя Нефталя Абрамава Сельдзіна з грашыма 775 рублёў срэбрам, які за выездам зь Менску быў у г.Бабруйску, а адтуль выехаў адлегласьцю 38 вёрстаў ад г.Бабруйску ў вёску Семяновічы і дзе падзеўся — невядома. Пра што Губэрнскае Праўленьне, у наступства рапарту Менскай Гарадзкой Паліцыі, паўсюдна друкуе з тым, што калі б дзе згаданы габрэй Сельдзін апынуўся, хаваючыся ад гаспадара, дык быў бы ўзяты пад варту і дастаўлены ў Паліцыю”.


“Віцебскі пралетар”, 1933 год:

“ЦК УсеКП(б) паведамляе пра сьмерць члена ЦК УсеКП(б) тав. Мікалая Аляксандравіча Скрыпніка, якая пасьледвала ў выніку акту самагубства. Разглядаючы акт самагубства як акт маладушнасьці, асабліва нягодны члена ЦК УсеКП(б), ЦК лічыць неабходным паведаміць членаў партыі, што тав. Скрыпнік стаў ахвярай тых буржуазна-нацыяналістычных элемэнтаў, якія, прыкрываючыся сваёй фармальнай прыналежнасьцю да партыі, дамагліся яго даверлівасьці і скарысталі яго імя для сваіх антыпартыйных нацыяналістычных мэт. Заблытаўшыся ў сваіх сувязях зь імі, тав. Скрыпнік дапусьціў рад палітычных памылак і, усьвядоміўшы гэтыя памылкі, ён не знайшоў у сабе мужнасьці па-бальшавіцку перамагчы іх на справе і пайшоў на акт самагубства”.


“Звязда”, 1983 год:

“Гербы беларускіх гарадоў” — так называецца кніга А.Цітова, якая выйшла ў выдавецтве “Полымя”. Зьмест выданьня складаюць відарысы старажытных буйных населеных месц Беларусі, падрабязнае апісаньне гербаў, расказ аб іх узьнікненьні, прычынах зьмяненьняў. Вядома, напрыклад, што, рыхтуючыся да вайны зь нямецкімі крыжаносцамі, спэцыяльныя атрады палявалі на аленяў, каб нарыхтаваць правізію для славянскага войска. На гербе алень адлюстраваны не выпадкова. Паляваньнем на яго займаліся жыхары Гарадзеншчыны. Гербам пагранічных гарадоў характэрныя абарончая сымболіка. На гербе Берасьця адлюстраваны лук са стрэламі. У вывучэньні гарадзкіх гербаў старажытнай Беларусі зроблены толькі першыя захады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG