Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЯКАСНУЮ ВАДУ П’ЮЦЬ БЕЛАРУСЫ?


Міхал Стэльмак, Менск

Час ад часу ў розных кутках Беларусі пітная вада спрычыняецца да гучных скандалаў:

(Марозава: ) “Мяне завуць Марозава Дзіна Іванаўна. Смалявічы, Першамайская вуліца, дом 3. Тыдзень таму ішла такая вада, што суцэльная іржа. Мы напісалі скаргу. Падпісваліся ўсе. Кожная кватэра падпісалася Зараз чакаем адказу”.

Паводле смалявіцкіх жыхароў, іхная праблема справакаваная адсутнасьцю ў Беларусі дзяржаўнай палітыкі ў пытаньні якасьці пітной вады. Чыноўнікі з гэтым не пагаджаюцца. Гаворыць загадчык аддзелу камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Сямён Позін:

(Позін: ) “У гэтым пляне мы ідзем, як кажуць, наперадзе ўсёй плянэты. Бо толькі ў нас, адрозна ад краінаў СНД, пра якія я ведаю, ёсьць закон пра пітное водазабесьпячэньне. У Расеі такі закон ляжыць “на паліцы”.

Апроч закону, паводле словаў Позіна, у Беларусі ёсьць яшчэ адмысловая дзяржаўная праграма. Таксама маюць месца адпаведныя стандарты якасьці, санітарныя правілы. Аднак грамадзкія экалягічныя арганізацыі маюць сваё гледзішча на дзяржаўную палітыку. Гаворыць Павал Красоўскі — лідэр грамадзкай экалягічнай арганізацыі “Экаскоп” у Жодзіне:

(Красоўскі: ) “Наколькі я ведаю, нейкія крокі робяцца. Але ці хапае ім грошай? Пэўна адно, што цяпер усе экалягічныя праграмы згортваюцца з-за недахопу сродкаў”.

Паводле ягоных словаў, дзяржпраграмы рэалізуюцца толькі на паперы. А ў жыцьці? Падзяліцца сваімі думкамі на гэты конт я папрасіў жыхароў пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёну:

(Карэспандэнт: ) “Якая вада ў Зялёным Бары?”

(Спадарыня: ) “Вядома, брудная. Асадак — такі чорны пясок”.

(Іншая спадарыня: ) “Дзе той вады ўзяць? Бярэш каталку і едзеш на пасёлак”.

Між тым, большасьць санэпідслужбаў краіны лічыць трывогу насельніцтва неабгрунтаванай. У прыватнасьці, вось што мяркуе супрацоўніца санэпідслужбы Менскага раёну Тацяна Ачканава:

(Ачканава: ) “Наконт таго, што пагаршаецца ў нас якасьць вады, гэта няпраўда. Толькі мае месца перавышэньне нормы ўтрыманьня жалеза. А ў астатнім няма недахопаў”.

Як вынікае з тлумачэньня Сямёна Позіна, стан беларускай вады не выклікае заклапочанасьці і з боку больш высокіх чыноўнікаў, якія адказваюць за яе якасьць:

(Позін: ) “У нас вада ў большасьці вадаправодаў утрымлівае павышаную канцэнтрацыю жалеза, і гэтым яна нестандартная. Але для здароўя небясьпекі тут няма. Вядома, гаспадыні мыць бялізну непрыемна, калі ідзе іржавая вада з крану”.

Лекар-гігіеніст з Пухавіцкага раёну Канстанцін Шпунтоў адмыслова займаўся вывучэньнем гэтага пытаньня:

(Шпунтоў: ) “Не існуе нейкіх зьвестак, якія маглі б пацьвердзіць, што павышаная канцэнтрацыя жалеза можа неяк адмоўна паўплываць на стан здароўя. Я не сустракаў такіх матэрыялаў, у тым ліку навуковых, якія б пацьвярджалі бы, што ад павышанага ўтрыманьня жалеза ёсьць шкода здароўю”.

А як выглядае краіна на фоне дзяржаваў-суседзяў? Паводле Сямёна Позіна, наракаць беларусам на сваё становішча не выпадае:

(Позін: ) “Калі параўноўваць нас з Расеяй, то да развалу СССР мы былі прыблізна на аднолькавым узроўні, а цяпер у нас сытуацыя лепшая. Мы маленькая рэспубліка, і ў нас хутчэй будаваліся станцыі абезжалезьваньня”.

Аднак на сёньняшні дзень будаўніцтва станцыяў абезжалезьваньня амаль прыпыненае. Іх дагэтуль ня мае каля паловы рэгіёнаў. Прынамсі, жалеза не адзіны хімічны элемэнт, які трывожыць беларускіх адмыслоўцаў. Гаворыць Канстанцін Шпунтоў:

(Шпунтоў: ) “Другі момант, што ў нас звычайна ў Беларусі вельмі нізкае ўтрыманьне ў вадзе фтору альбо яго поўная адсутнасьць. Вось гэта ўжо дае ўскладненьні”.

Узровень утрыманьня фтору разглядалі ў Беларусі вядучыя айчынныя мэдыкі-адмыслоўцы:

(Позін: ) “Перадазіроўка фтору таксама небясьпечная. Мы сёньня ня можам сказаць, што гэта бясшкодна — фтараваньне вады. Хаця досьвед найбагацейшы. І ў ЗША фтаруюць, і ў Расеі фтаравалі, і ў нас таксама. Але ў нас абароненая дысэртацыя, якая прапагандуе зваротнае”.

І хаця спрэчкі па гэтай праблеме працягваюцца, перакананых прыхільнікаў фтараваньня, як вынікае з тлумачэньня Шпунтова, няшмат:

(Шпунтоў: ) “Калі ўзбагачаць ваду фторам, то гэта трэба рабіць вельмі й вельмі далікатна, асьцярожна. Бо ў выніку перавышэньня канцэнтрацыі таксама могуць быць захворваньні. Нарматыў вельмі нізкі. Таму кантраляваць утрыманьне фтору ў такіх межах, дазаваць яго — тэхналягічна вельмі цяжка”.

Сёньня ў Беларусі зьявіліся дзясяткі вытворцаў напояў, у прыватнасьці, газаванай вады. Ці гэта пэрспэктыўны кірунак, які мінімізуе вастрыню пытаньня ў нацыянальным маштабе? Меркаваньне Канстанціна Шпунтова:

(Шпунтоў: ) “Тэхналёгія вырабу газаваных напіткаў разьлічаная на тое, што яны наталяюць смагу хутчэй. Хаця гэтая тэорыя ўсё больш і больш крытыкуецца. Ва ўсёй Эўропе ўжо вельмі распаўсюджаны продаж негазаваных напояў”.

Прынамсі, паводле Сямёна Подзіна, час, калі насельніцтва Беларусі ў масавым парадку будзе піць звычайную ваду з бутэлек, як гэта мае месца ў заходніх краінах, надыдзе яшчэ няхутка:

(Подзін: ) “Гэта даражэй. У нас ня кожнаму па кішэні піць ваду з бутэлек. Я сам жыву ў Заслаўі, і ў Менску і п’ю ваду з крану”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG