(Карэспандэнтка: ) “У чым, на вашую думку, палягае беларуская ідэя?”
(Хлопец: ) “Я нават ня ведаю. Беларуская ідэя, як мне падаецца, гэта калі чалавек усьведамляе сябе беларусам: я — беларус. Але хто цяпер так можа сказаць пра сябе?”
(Карэспандэнтка: ) “А вось вы, да прыкладу?”
(Хлопец: ) “Я? Не адчуваю сябе беларусам, прадстаўніком гэтае нацыі. Я такога не адчуваю”.
(Дзяўчына: ) “Гэта, напэўна, такое пачуцьцё гонару асаблівае. Вось зьнялі фільм “Анастасія Слуцкая”, узьняліся ў вачох усіх астатніх… Нешта вось такое”.
(Хлопец: ) “Няма беларускай ідэі! Беларускую мову ня вучаць на нашым факультэце, беларускай літаратуры няма, ва ўсіх аудыторыях шыльды па-расейску. Мы ж беларусы, а беларускае мовы — няма”.
(Карэспандэнтка: ) “Што ж яна такое — беларуская ідэя? Вы кажаце, яе няма. А што гэта мусіла б быць?”
(Хлопец: ) “Што гэта мусіла бы быць? Дзяржава беларуская мусіла б быць. Развалілі ўсю дзяржаву!..”
(Карэспандэнтка: ) “Аляксандар Лукашэнка гаворыць пра дзяржаўную ідэалёгію — ці мае гэта нейкае дачыненьне да беларускай ідэі?”
(Хлопец: ) “Я яго ня слухаю! Мне нецікава яго слухаць: ён мне не падабаецца ні як прэзыдэнт, ні як чалавек”.
(Карэспандэнтка: ) “У чым палягае беларуская ідэя?”
(Хлопец: ) “Ня ведаю я, у чым ейны сэнс. Узяць хаця б гісторыю беларускага народу: мы ўвесь час былі пад кімсьці, вось і зьнішчылі нашую беларускую ідэю за ўсе гэтыя стагодзьдзі”.
(Хлопец: ) “Цяжка сказць. У час Вялікага Княства Літоўскага, можа, і было нешта такое. А цяпер патрыятызму вялікага няма, усе хочуць уладкавацца там, дзе грошай болей плацяць, а гэта за мяжой пераважна”.
(Карэспандэнтка: ) “Ну, калі няма ў нас сваёй нацыянальнай ідэі, беларускай, можа, хаця б недзе такая ідэя ёсьць, у нейкай іншай краіне?”
(Хлопец: ) “У Японіі, мне падаецца, нацыянальная ідэя ёсьць, яе падтрымлівае ўрад, вызнаюць усе людзі. А Беларусь… У яе такі шлях — далучэньне, страта сувэрэнітэту. І цяпер вельмі няшмат людзей, якія вераць у гэтую ідэю”.
(Дзяўчына: ) “Калі зьвярнуцца да падручніка паліталёгіі, то ў нас вельмі сьмешная мадэль атрымліваецца — нейкая новая адмыслова беларуская мадэль сучаснага разьвіцьця!”
(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у гэтай мадэлі месца беларускай ідэі?”
(Дзяўчына: ) “Ніякага месца дзеля беларускай ідэі там ня маецца!”