Выдавецкае прадпрыемства “Марат” абскарджвала загад Мінінфарму ад 28 траўня прыпыніць выданьне газэты “БДГ. Для служебного пользования” за публікацыю артыкулаў “Сыстэма ахвяраў ня лічыць” пра самазабойства былога міністра транспарту Аляксандра Лукашова і “Магічны крышталь” пра махінацыі на менскім гарэлачным заводзе.
Папярэджаньне за апошні артыкул літаральна за суткі да гэтага судовага працэсу было часткова скасаванае, і прадстаўнікі “БДГ” спадзяваліся, што загад Міністэрства інфармацыі будзе адменены. Тым больш што на паседжаньні суду юрыст прадпрыемства “Марат” Сяргей Пратасавіцкі зноў заявіў, што рэдакцыя сваёй пазыцыі не зьмяніла: цяперашні міністар транспарту Міхаіл Баравы на пахаваньні свайго папярэдніка спадара Лукашова адсутнічаў, хаця менавіта за гэтую інфармацыю і было вынесенае папярэджаньне.
Адсутнасьць спадара Баравога засьведчылі два журналісты “БДГ”, гэта маглі пацьвердзіць і сваякі нябожчыка. Але ў судзе зачыталі ліст першага намесьніка міністра транспарту, які напісаў, што ягоны шэф на пахаваньні быў. Для судзьдзі Мікалая Пазычука гэтага было дастаткова.
(Пазычук: ) “Выклікаць таго ж міністра транспарту і дапытваць яго як сьведку, пераносіць справу — ці ёсьць для гэтага падставы?”
Судзьдзя Пазычук у пазове супраць Міністэрства інфармацыі адмовіў. Гэта значыць, што абодва загады Мінінфарму аб прыпыненьні выданьня “БДГ” і яе дадатку будуць дзейнічаць да канца жніўня. Чытачы ня бачылі гэтых газэтаў ужо месяц — засталося яшчэ два. Цяпер “Белорусская деловая газета” абскарджвае рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суду ў касацыйным парадку ды спрабуе выпусьціць свае матэрыялы пад іншай шапкай. Кіраўнік прадпрыемства “Марат” Пётар Марцаў апошнія судовыя рашэньні пракамэнтаваў гэтак:
(Марцаў: ) “Гэта больш чым дзіўна. Таму што я не разумею, што такое часткова скасаваць папярэджаньне, часткова яго прызнаць. То бок мы маем палову папярэджаньня — так трэба меркаваць. Я лічу, што суд зусім неабгрунтавана павёў сябе ў гэтай сытуацыі. Усё дастаткова сьмешна ўжо — я ня ведаю, што такое паўпапярэджаньня”.
На маё пытаньне, ці зьбіраецца “БДГ” выходзіць пад іншай назвай, спадар Марцаў адказаў:
(Марцаў: ) “Мы зьбіраемся выпускаць чарговыя нумары НЕ “Белорусской деловой газеты” калектывам “Белорусской деловой газеты”. Проста сачыце — найбліжэйшымі днямі, хутчэй за ўсё, у пачатку наступнага тыдня зьявіцца чарговы нумар. Мы будзем друкаваць яго за межамі Беларусі, натуральна. Цяпер друкарні ўвогуле не заключаюць дамовы з газэтамі, якія раптам зь нейкай прычыны вырашылі выходзіць альбо выходзіць часьцей”.
Нагадаю, што тры справы “Белорусская деловая газета” ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прайграла — гэтыя справы тычыліся папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі за артыкулы “БДГ” пра выкарыстаньне прэзыдэнцкага самалёту і пра суд над экс-дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым, мільёны даляраў на замежных рахунках якога дагэтуль, як пісала “БДГ”, ня можа знайсьці пракуратура.
Загад аб прыпыненьні выпуску “БДГ” на тры месяцы застаецца ў сіле, як і тры аналягічныя загады аб прыпыненьні іншых выданьняў прадпрыемства “Марат” — “Эхо”, “Предпринимательская газета”, “БДГ. Для служебного пользования”. Але загад наконт апошняй будзе заўтра разглядаць той жа Вышэйшы гаспадарчы суд.