Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛОВА “ЗАКРЫЦЬ” – САМАЕ ЧАСТАЕ Ў ЗАГАЛОЎКАХ АРТЫКУЛАЎ ПРА БЕЛАРУСЬ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Слова, якое найчасьцей сустракаецца ў загалоўках апошніх публікацыяў у польскай прэсе пра Беларусь – гэта слова “закрыць”. “Gazeta Wyborcza” зьмяшчае два асобныя артыкулы – у справе IREXу і ў справе НТВ. Пра гэта піша і найбольш вялікае ў краіне Польскае прэсавае агенцтва.

У артыкулах зьвяртаецца ўвага на тое, што закрыццё гэтых замежных арганізацыяў адбываецца паводле пляну, выпрацаванага яшчэ 5 гадоў таму, калі зь Беларусі было вымушанае зьехаць прадстаўніцтва фундацыі Сораса, а пазьней – місія АБСЭ. А менавіта – спачатку дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваюць зьвесткі пра “шпіёнскую дзейнасьць” арганізацыі і пра тое, што яе прысутнасьць “шкодзіць бясьпецы краіны”, а затым, нібыта беручы пад увагу тыя публікацыі, улады абвінавачваюць арганізацыю ў махлярстве, ці папросту адмаўляюцца працягнуць тэрмін дазволу на яе знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі.

Назіральнікі адзначаюць, што як у выпадку НТВ так і ў выпадку IREX карныя захады беларускіх уладаў скіраваныя супраць сродкаў масавай інфармацыі, а барацьба зь незалежнымі мэдыямі на дзяржаўным узроўні ёсьць першым і галоўным паказчыкам адсутнасьці дэмакратыі ў той ці іншай дзяржаве.
XS
SM
MD
LG