Больш за ўсё тут уражвае рэпэртуар: “Забойства на Манастырскіх сажалках”, “Каршуны здабычаю ня дзеляцца”, “Сучасныя дзяўчыны”, “Бандыткі”, “Брунэтка за 30 капеек”. У гледачоў няма іншага выбару, як глядзець даўнія замежныя, а часьцей савецкія ды расейскія стужкі. Кошт сэансу — 300 рублёў.
На тэлефоннай сувязі са Слаўгараду кінамэханік Зьміцер Нефяцюк:
(Нефяцюк: ) “Сёньня плянуем францускую стужку “Прафэсіянал”. Фільмы ў нас прывозяць два разы на месяц. Фільмы дзесяцігадовай даўніны. Збольшага яны францускія ці амэрыканскія. Раней больш хадзілі на Індыю. Гэты фонд настолькі састарэў, што ўжо немагчыма яго паказваць. Беларускіх фільмаў у нас практычна не бывае. Быў толькі “Ў жніўні 44-га”. Апошні раз мы яго паказвалі на Дзень перамогі. Паказвалі бесплатна, дый тое там мала хто прысутнічаў”.
Раённы кінатэатар таксама займаецца пракатам у вясковай мясцовасьці. Звычайна фільмы прывозяць у цэнтар сельсавету. Кінаўстаноўкі ёсьць далёка не ва ўсіх аддаленых вёсках. А туды, дзе яны ацалелі, стужкі даяжджаюць рэдка.
Працягвае жыхар вёскі Мікулічы Бярэзінскага раёну Меншчыны Васіль Шалупенка:
(Шалупенка: ) “Стацыянарнай кінаўстаноўкі ў нас няма. Прывозяць паводле графіку фільмы з райцэнтру”.
(Карэспандэнт: ) “А што паказваюць?”
(Шалупенка: ) “Часьцей камэдыі. З гэтымі вечнымі бойкамі, стрэламі й забойствамі — мне не падабаецца. Ну, не па маёй гэта натуры! Я не знаходжу ў гэтым задавальненьня. Мне патрэбны наш беларускі фільм, дзе апавядаецца пра вёску. Беларускіх фільмаў практычна мы ня бачым. Ня бачым! І гэта вельмі-вельмі дрэнна! Па тэлэвізары бачылі “Любить по-русски”, а “Ў жніўні 44-га” яшчэ не ішоў”.
(Карэспандэнт: ) “А ў кіно да вас прывозілі?”
(Шалупенка: ) “У кіно таксама не прывозілі”.
Усёй культурай на асобна ўзятай тэрыторыі загадвае адпаведны аддзел райвыканкаму. Яму падпарадкоўваецца раённае Кінавідэапрадпрыемства, менавіта яно фармуе рэпэртуар. Я зьвязаўся з дырэктарам такой установы ў Смургонях — Славамірам Драмлюком.
(Карэспандэнт: ) “Ці ўлічваеце вы густы людзей, калі фармуеце кінарэпэртуар?”
(Драмлюк: ) “Цяпер вельмі просяць паказаць “Матрыцу-2” і “Тэрмінатар-3” — тое, што рэклямуюць. Але ў нас папросту няма такой магчымасьці”.
(Карэспандэнт: ) “А што апошняе да вас прыходзіла?”
(Драмлюк: ) “Я нават дакладна сказаць не магу”.
(Карэспандэнт: ) “Мюзыкл “Чыкага” быў?”
(Драмлюк: ) “Не было ў нас такога. На дадзены момант мы працуем зь лягерамі. У нас дзеці цяпер ходзяць у кіно. Паказваем мультфільмы і казкі. Дарослыя ня хочуць хадзіць ў кінатэатар. Рэпэртуар слабаваты, бо фільмы цяпер дорага каштуюць. Закупае Горадня, круціць гэты фільм, а пасьля даюць на раёны. А яны ўжо актуальнасьць сваю згубілі. Бывае, што й тэлэвізія наперад пакажа”.
(Карэспандэнт: ) “Беларускія фільмы ў вас бываюць?”
(Драмлюк: ) “Анастасію Слуцкую” чакаем, калі яна ў нас зьявіцца. Я баюся, што да таго яе пасьпеюць па БТ паказаць”.
Тэлевізія — галоўны канкурэнт кінатэатраў. Два нацыянальныя каналы плюс расейскія, сям-там дадаюцца яшчэ кабэльныя ды спадарожнікавыя праграмы. Тррэба ўлічваць і фільмы на відэакасэтах. Неліцэнзаваная копія каштуе прыкладна два даляры — гэта трохі даражэй за бутэльку гарэлкі. Але глядзець фільм можна да бясконцасьці. А ў правінцы існуе яшчэ такая зьява як абмен відэакасэтамі.
Жыхар Рэчыцы Валеры Пуціцкі апісвае кіна- й відэарэпэртуары свайго роднага гораду:
(Пуціцкі: ) “Рэчыцкі кінатэатар выжывае толькі тым, што ладзяцца спэцыяльныя прагляды для школьнікаў. Кшталту “як правільна пераходзіць дарогу” і супраць СНІДу. А пасьля дэманструецца які-небудзь дзіцячы мастацкі фільм. На 3 ліпеня быў вольны паказ фільму “Пілёты” (Масфільм-Чэхія). А таксама баевікі й мэлядрамы. Сама болей гледачоў прыйшло, калі ішоў фільм “Пэрл Харбар”. Недзе траціна залі была запоўненая”.
(Карэспандэнт: ) “Для Рэчыцы гэта шмат?”
(Пуціцкі: ) “Вядома, што шмат. Цяпер прасьцей глядзець дома відэакасэты. Дайшоў і да Беларусі прагрэс. Амаль усе маюць відэамагнітафоны. Набыткі прыходзяць хутчэй на відэакасэтах, чым зьяўляюцца ў кінатэатрах”.
(Зянько: ) “Відэа цалкам не заменіць кінатэатар. Там сама атмасфэра захапляе, уражвае, якасьць непараўнальная”, — праз тэлефон да размовы далучаецца пінчук Уладзімер Зянько.
Ён прынцыпова аддае перавагу кінатэатру, а ня хатняму прагляду відэакасэтаў. У Пінску, таксама як ў абласных цэнтрах і Менску, кінатэатар зноў у модзе. Уладзімер Зянько тлумачыць, чаму так адбываецца:
(Зянько: ) “У Пінску была ўсталяваная сыстэма “Долбі”. Да таго наведнікаў было зусім мала. Пасьля таго — дастаткова поўныя залі. Хадзіў на прэм’еру фільма “Чыкага”. Абнаўленьні рэгулярныя. Паказваюць гіты, усё новае, што ёсьць ва ўсясьветным пракаце”.
(Карэспандэнт: ) “У адзіным кінатэатры Пінску ці паказваюць стужкі беларускіх кінамайстроў?”
(Зянько: ) “Дакладна ведаю, што ў нашым пракаце іх не было”.
Пытаньні пра тое, ці паказваюць ў правінцыйных кінатэатрах фільмы беларускай вытворчасьці, не выпадковае. Неаднойчы даводзілася чуць, што нацыянальны кінэматограф у занядбаным стане. Маўляў, усё акупаваў Галівуд, а для роднага ўжо і месца не засталося. Але выглядае, што беларускія стужкі папросту не даходзяць да гледача, альбо зьяўляюцца ўжо пасьля тэлетрансьляцыяў. З гэтай прычын не выпадае казаць нават пра акупляльнасьць беларускіх фільмаў пры дапамозе кінапракату.
Праблемы правінцыйнага рэпэртуару — гэта замкнёнае кола. Гледачы ў кіно ня ходзяць, бо фільмы старыя. На закупы новых кінатвораў і ўсталяваньне сыстэмы “Долбі” бракуе брошай. А фінансаў няма, бо ў кіно ніхто ня ходзіць — і гэтак далей.
У Польшчы даўно існуюць мультыплексы. У маленькіх залях такіх кінатэатраў адначасна дэманструюцца дзясяткі фільмаў. У Расеі выпрабоўваюць сыстэму паказу аднаго фільму ў некалькіх кінатэатрах пры дапамозе спадарожніка. Літоўцы глядзяць актуальныя відэанабыткі ў сваіх мястэчках альбо езьдзяць у Вільню.
А ў Беларусі правінцыйны кінарэпэртуар сур’ёзнай культурніцкай ролі не адыгрывае. Кіно з эфіраў расейскіх тэлевізійных каналаў — вось на што арыентуецца беларускі глядач. Ну, а незадаволеныя могуць атрымліваць асалоду ад фільмаў кшталту “Бандыткі” ці “Брунэтка за 30 капеек”. Калі набярэцца хаця бы пяць гледачоў, сэанс адбудзецца.