Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД БЕЛАРУСІ ЗАЧЫНІЎ ПРАДСТАЎНІЦТВА ТЭЛЕКАМПАНІІ НТВ

Валер Каліноўскі, Менск

Раней за гэта ж быў пазбаўлены акрэдытацыі і дэпартаваны зь Беларусі Павал Селін. МЗС прапаноўваў ураду прыпыніць рэгістрацыю прадстаўніцтва НТВ “да прынясеньня прабачэньняў у эфіры за асьвятленьне НТВ пахаваньня пісьменьніка Васіля Быкова”. Кіраўніцтва тэлекампаніі НТВ адмовілася прасіць прабачэньня за сюжэт Паўла Селіна, паколькі лічыць яго праўдзівым.

Аднак ва ўрадавай пастанове аб закрыцьці прадстаўніцтва НТВ пра чаканьне прабачэньня ўжо ня згадваецца, як няма там і нейкай матывацыі беспрэцэдэнтнага рашэньня.

Супрацоўнікі Савету Міністраў, якія рыхтавалі гэтае рашэньне, ад камэнтароў адмаўляюцца. Прадстаўніцтва тэлекампаніі НТВ павіннае будзе спыніць сваю дзейнасьць на працягу месяца.

Спецкарэспандэнт НТВ Вадзім Фефілаў, які быў прысланы кампаніяй у Менск пасьля дэпартацыі Паўла Селіна. Спадар Фефілаў так і не дачакаўся часовай акрэдытацыі ад МЗС Беларусі:

(Фефілаў: ) “Я ня ведаю пакуль рэакцыі нашага кіраўніцтва. Я думаю, што яно, безумоўна, займаецца тым, каб неяк выйсьці з гэтай тупіковай сытуацыі, якую стварылі ўлады Беларусі. Мяркую, што Беларусь — гэта кірунак, які безумоўна вельмі важны для тэлекампаніі НТВ… Мяркую, што гэта рэспубліка аднаго чалавека. І што ў глыбіні гэтага чалавека, галоўнага канструктара Беларусі, так і бузе. А ці будзе ціск з боку расейскіх уладаў і ці знойдзены будзе кампраміс, я проста ня ведаю”.

Апэратар НТВ Канстанцін Марозаў адзначыў:

(Марозаў: ) “Прычына напэўна ў беларускай уладзе, якая вельмі дрэнна ставіцца да людзей, якія спрабуюць паказваць існоўную рэчаіснасьць зь іншага боку — не такую, як пакавзаюць выпускі беларускіх афіцыйных газэт і тэлебачаньня. Мы глядзелі на гэта ўсё зь іншага боку. Гэта ня значыць, што мы гаварылі няпраўду і спрабавалі неяк правакаваць і абражаць беларускі народ. Тое, што адбылося, гаворыць пра тое, што беларускай уладзе ёсьць што хаваць, калі яно так баіцца, што зачыняе прадстаўніцтвы расейскіх тэлеканалаў”.

Раней беларускія ўлады пазбавілі акрэдытацыі й выслалі карэспандэнта НТВ Аляксандра Ступнікава, а журналісты ОРТ Павал Шарамет і Зьміцер Завадзкі былі асуджаныя.
XS
SM
MD
LG