Учорашняе рашэньне Міністэрства замежных справаў не працягваць дазвол на рэгістрацыю амэрыканскай арганізацыі ІRЕХ перш за ўсё адаб’ецца на дзейнасьці беларускіх недзяржаўных мэдыяў, беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, якія з дапамогай ІRЕХ падвышалі свой прафэсійны і адукацыйны ўзровень. Пра гэта кажуць людзі, якія працуюць у мэдыях, а таксама займаюцца культурай і навукай.
Адзін зь іх — вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін, адзін з тых, хто прыдумаў і арганізаваў беларускі фэстываль мясцовых тэлестудыяў “Фокус”. Леанід Міндлін згадвае, што ідэя праводзіць рэспубліканскі конкурс тэлестудыяў узьнікла пад уражаньнем эўрапейскага конкурсу ў славацкім горадзе Кошыца. Каб прапанаваць у Кошыцы тэлепрадукт, за які ня будзе сорамна, беларусы вырашылі спачатку правесьці адбор найлепшых працаў мясцовых тэлежурналістаў.
Летась пры ўдзеле ІRЕХ гэтую ідэю ўдалося рэалізаваць на фэстывалі "Фокус 2002”. Там адабралі работы, тры зь якіх сталі пераможцамі сёлетняга кошыцкага фэстывалю. Сёлета ў кастрычніку плянавалі правесьці ўжо “Фокус 2003”, з удзелам больш за 20 тэлестудыяў, але цяпер на гэтых плянах, відаць, прыйдзецца ставіць крыж, лічыць Леанід Міндлін.
(Міндлін: ) “Цяжка цяпер нешта прагназаваць, бо, на мой погляд, справа не ў ІRЕХе, а ў тым, што яны паставілі мэту неяк штучна прыпыніць альтэрнатыўную, на іхны погляд, сыстэму мясцовага тэлебачаньня”.
Леанід Міндлін кажа, што страты для мясцовага тэлебачаньня ад закрыцьця ІRЕХ будуць значныя — спыніцца падрыхтоўка кадраў, старое тэлевізійнае абсталяваньне ня будзе аднаўляцца, але збольшага мясцовае тэлебачаньне ўсё роўна будзе разьвівацца, бо ў ім вялікая патрэба, мяркуе тэлежурналіст.
Ужо падлічвае страты ад магчымага закрыцьця ІRЕХ і рэдактар найбуйнейшай недзяржаўнай штодзённай газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч. Шмат здымкаў у газэце — гэта здымкі з фотатэкі ІRЕХ, якімі газэта карысталася бясплатна. Здымкамі ІRЕХ могуць карыстацца і дзяржаўныя выданьні. “Фотатэка вельмі карысная ўсім мэдыям Беларусі. За такую дапамогу нармалёвая ўлада мусіць сказаць ІRЕХ дзякуй, а ў нас выштурхоўваюць з краіны, бо паўсюль шукаюць ворагаў”, — лічыць рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч. Ён перакананы, што абмежаваць карыстаньне інфармацыяй, у тым ліку фотаздымкамі, уладам ня ўдасца, бо зьмяніліся тэхнічныя магчымасьці.
Акрамя дапамогі мэдыям, ІRЕХ у Беларусі шмат працаваў з навукоўцамі. Галіна Шатон, якая адказвае за праграмы акадэмічных абменаў, згадвае, што больш за 50 беларускіх навукоўцаў і студэнтаў з дапамогай ІRЕХ зьезьдзілі ў ЗША і наладзілі супрацоўніцтва з амэрыканскімі навуковымі цэнтрамі. Паводле Галіны Шатон, прыпыненьне працы ІRЕХ у Беларусі моцна ўдарыць па іміджу краіны.
У Беларусі ўжо закрывалі буйную сыстэму замежнай дапамогі навукоўцам, студэнтам, літаратарам і журналістам. Гаворка пра закрыцьцё Фонду Сораса ў Беларусі ў 1996 годзе, які за некалькі гадоў дзейнасьці ўклаў у разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў Беларусі некалькі мільёнаў даляраў. Пазьней прыкладна на год прыпынялася рэалізацыя праграмаў ТАСІS па лініі Эўразьвязу, але эўрапейцам удалося сваю працу ў Беларусі аднавіць.
Ці ўдасца выстаяць пад ціскам беларускіх уладаў амэрыканскаму Савету міжнародных дасьледаваньняў і абмену (ІRЕХ) — невядома. Кіраўнік офісу ІRЕХ у Беларусі Боб Артэга працягвае на гэта спадзявацца, ён спадзяецца на вышэйшы гаспадарчы суд, дзе ІRЕХ будзе абскарджваць рашэньне МЗС Беларусі. Нагадаем, беларускія ўлады абвінавацілі ІRЕХ у дзейнасьці, якая адыходзіць ад заяўленых мэтаў.