Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ ЗЬВЯРТАЕ ЎВАГУ НА СЫТУАЦЫЮ ВАКОЛ ПРАФСАЮЗУ АВІЯДЫСПЭЧАРАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Выкананьне рэкамэндацыяў Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў ёсьць неабходнай умовай сяброўства ў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі. Аднак трымацца агульнапрынятых правілаў ва ўмовах Беларусі незалежнаму прафсаюзнаму руху надзвычай складана. Прыкладам таму ёсьць цяперашняя сытуацыя вакол прафсаюзу авіядыспэчараў, які цяпер на мяжы закрыцьця. Фармальная прычына — нібыта адсутнасьць дастатковай колькасьці сяброў.

Гэтае пытаньне і сталася адным з асноўных у працы сэмінару. Гаворыць старшыня прафсаюзу авіядыспэчараў Юры Мігуцкі:

(Мігуцкі: ) “Усё пачалося з таго, што распачаўся ціск на людзей: калі ты сябра прафсаюзу, то павінны напісаць заяву аб выхадзе. Наймальнік хоча аднаго — зьліквідаваць нашую структуру з-за таго, што наш прафсаюз заўсёды займаў прынцыповую пазыцыю. Мы патрабуем выконваць тыя заканадаўчыя акты, якія прымае дзяржава, і больш нічога”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук перакананы, што перасьлед прафсаюзу авіядыспэчараў адбываецца ў рэчышчы агульнага наступу ўладаў на незалежныя мэдыі й дэмакратычны рух. Гаворыць Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Гэта палітычны заказ і чарговы крок уладаў, якія “зачышчаюць” палітычную прастору, незалежныя СМІ, а цяпер чарга дайшла і да незалежнага прафсаюзнага руху. І можна быць упэўненымі, што гэтым справа не закончыцца”.

Паводле прадстаўніка Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Вадзіма Барысава, падобнага ўмяшальніцтваў уладаў у прафсаюзны рух няма на ўсёй постсавецкай прасторы. А ў зьвязку з адмысловай рэзалюцыяй па Беларусі, прынятай Міжнароднай арганізацыяй працы, новы факт перасьледу прафсаюзаў ёсьць выклікам усёй міжнароднай супольнасьці. Гаворыць Вадзім Барысаў:

(Барысаў: ) “Працяг нападаў на прафсаюз авіядыспэчараў — гэта дадатковы факт у доўгім сьпісе выпадкаў парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі. А гэта азначае, што, на жаль, прэзыдэнт краіны не зьяўляецца гарантам выкананьня ні нацыянальных законаў, ні міжнародных нормаў, ратыфікаваных гэтай краінай”.

10 ліпеня Вярхоўны суд мусіць прызначыць дату слуханьняў у справе ліквідацыі прафсаюзу авіядыспэчараў. З гэтай нагоды Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў у рэзалюцыі сёньняшняй сустрэчы заклікае айчынныя незалежныя структуры і ўвесь міжнародны прафсаюзны рух выказаць сваю салідарнасьць лістамі пратэсту, пікетамі вышэйшых уладных структураў у Беларусі і айчынных амбасадаў за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG