Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКРЫЦЬЦЁ ПРАДСТАЎНІЦТВА ІRЕХ НЭГАТЫЎНА ПАЎПЛЫВАЕ НА ДВУХБАКОВЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ БЕЛАРУСІ І ЗША

Валер Каліноўскі, Менск

Амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, гаворачы аб учорашнім рашэньні МЗС Беларусі пра закрыцьцё менскага прадстаўніцтва амэрыканскай Рады ў справе міжнародных дасьледаваньняў і абменаў (ІRЕХ), сказаў, што яно нэгатыўна адаб’ецца на кантактах паміж дзьвюма краінамі. Амабасада ЗША ўжо абвяргала абвінавачаньні беларускіх уладаў супраць прадстаўніцтва ІRЕХ, спадар Козак сёньня зноў назваў іх “бязглуздымі й несправядлівымі”.

(Козак: ) “Мяркую, што напэўна нам трэба разглядаць гэтую сытуацыю, як частку больш шырокай карціны. Іх непакоіць, што нягледзячы на ўсе тыя перашкоды, якія ствараюцца, незалежная прэса вырасла ў Беларусі. І ня толькі ў сэнсе накладаў, але і ў пляне даверу да незалежнай прэсы, які паводле сацапытаньняў большы, чым давер да дзяржаўнай прэсы. Гэта сьведчыць, што незалежныя СМІ працуюць добра, а таксама, што ІRЕХ працаваў добра, калі дапамагаў ім разьвівацца. Менавіта гэта напісана ў двухбаковай дамове, і менавіта дзеля гэтага ІRЕХ тут працуе”.

Амбасадар Козак сёньня пракамэнтаваў зварот навучэнцаў закрытага ўладамі Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа:

(Козак: ) “Мы застаемся ў кантакце з прадстаўнікамі ліцэю, і мы паглядзім, чым мы можам дапамагчы ім. Але цяжка зразумець, чаму быў закрыты ліцэй — хіба ім настолькі сур’ёзна пагражаюць пару соцень дзяцей. Гэта яшчэ адзін прыклад, калі беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб стварыць новыя праблемы. Усё гэта ўзьдзейнічае на Вашынгтон, як і на іншыя сталіцы. З аднаго боку, беларускі ўрад вельмі заклапочаны “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, зь іншага боку, яны робяць усё магчымае , каб гэты акт быў ухвалены Кангрэсам”.

Ужо на гэтым тыдні, альбо прынамсі да канца ліпеня, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” можа быць ухвалены Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу як частка законапраекту пра разьмеркаваньне сродкаў. Паколькі ў сэнацкай вэрсіі гэтага законапраекту палажэньні “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” ня ўлічаныя, то ягоны лёс урэшце вырашыць пагаджальная камісія.

Калі Акт будзе прыняты, то беларускія ўлады чакаюць санкцыі, да ўвядзеньня якіх прэзыдэнта ЗША заклікаюць кангрэсмэны. Да такіх санкцыяў адносяцца замарожваньне рахункаў, візавыя абмежаваньні для чыноўнікаў, якія адказваюць за апошнія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, дасьледаваньне беларускага гандлю зброяй, са справаздачай аб якім перад Кангрэсам, у выпадку прыняцьця акту, можа выступіць прэзыдэнт Джордж Буш.

Паляпшэньне дачыненьняў Беларусі й ЗША залежыць перш за ўсё ад пазытыўных крокаў беларускага ўраду на шляху дэмакратызацыі. Аднак апошнія падзеі ў Беларусі, у прыватнасьці, рашэньні пра закрыцьцё прадстаўніцтва ІRЕХ, незалежных газэтаў, уціск грамадзянскай супольнасьці не спрыяюць нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Менску і Вашынгтону.

Адміністрацыя ЗША праз свайго амбасадара ў Менску прапаноўвала беларускаму кіраўніцтву праграму паляпшэньня дачыненьняў да ўзроўню 1996 году. Са згоды А.Лукашэнкі экспэртамі з абодвух бакоў была складзеная пакрокавая вельмі падрабязная праграма, якая прадугледжвала з амэрыканскага боку аднаўленьне кантактаў на высокім узроўні, захады дзеля прыцягненьня інвэстыцыяў ды ішнае ў абмен на крокі зь беларускага боку — спыненьне ўціску СМІ, палітычных партыяў, справядлівы падлік галасоў на выбарах, расьсьледаваньне зьнікненьняў палітычных апанэнтаў улады.

ЗША былі гатовыя даць сваіх сьледчых для таго, каб разам з расейскімі экспэртамі сьцьвердзіць, ці робяць беларускія сьледчыя ўсё магчымае для расьсьледаваньня гучных зьнікненьняў. Але гэтая ўжо гатовая праграма не знайшла падтрымкі афіцыйнага Менску, і ніводны пункт з гэтай праграмы ня быў выкананы.
XS
SM
MD
LG