Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ГРАМАДА” ВЫЗНАЧЫЛА СТРАТЭГІЮ НА ПАРЛЯМЭНЦКІЯ І ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ

Уладзімер Глод, Менск

Новы дакумэнт мае некалькі важных цьверджаньняў. Напрыклад, ключавая палітычная кампанія, якая адзіная толькі й можа вырашыць лёс краіны, гэта прэзыдэнцкія выбары. Выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія павінны прайсьці восеньню наступнага году, толькі этап галоўнай кампаніі. “Народная грамада” лічыць, што насьпеў час прапанаваць грамадзтву свайго партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты — лідэра партыі. І нарэшце, стратэгія партыі вызначаецца як прапаганда ідэі далучэньня Беларусі да адзінай Эўропы.

Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч ня лічыць, што вызначэньне кандыдата на прэзыдэнты пачынаецца зарана — аж за тры гады да выбараў:

(Статкевіч: ) “У грамадзкай сьвядомасьці людзей палітыка вельмі пэрсаніфікаваная. І калі мы спрабуем гаварыць пра праграму людзі замест слуханьня, пытаюцца: а хто, калі ня ён? І я думаю, што гэта проста абавязак нашай партыі і іншых вядучых дэмакратычных партяў даць свае адказы на гэтае пытаньне. Я думаю, нашаму прыкладу павінны пасьледаваць і Беларускі Народны Фронт, і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Я ўпэўнены, сярод гэтых партыяў знойдзецца дастаткова шмат моцных кандыдатур, якіх можна прад’явіць грамадзтву. І менавіта прад’явіць зараз, бо нягледзячы на зьніжэньне рэйтынгу Лукашэнкі, рэйтынг палітычных партыяў не расьце. Людзі не чакаюць партыяў, праграмы. Яны чакаюць спачатку пэрсону”.

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка гаворыць, што іх партыя яшчэ не разглядала зварот грамадоўцаў. Асабіста ж прафэсара Хадыка ня бачыць прычынаў сьпяшацца:

(Хадыка: ) “Трэба пачакаць крышачку. Вось, напрыклад, заяўляе намер, прэтэнзіі генэрал Фралоў. Я думаю, гэта цудоўная кандыдатура, у тым выпадку, калі ён здолее ва ўмовах супраціву з боку Лукашэнкі выйграць чарговыя парлямэнцкія выбары, аб’яднаўшы на ўзроўні акругі ўсе дэмакратычныя сілы”.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама яшчэ не пасьпелі разгледзець ініцыятыву грамадоўцаў.

Што ж тычыцца стратэгіі далучэньня Беларусі да адзінай Эўропы, дык тут спадар Статкевіч асабліва падкрэсьлівае, што яна разьлічаная на ўсе дэмакратычныя сілы:

(Статкевіч: ) “Мы прапануем гэтую стратэгію ўсім дэмакратычным сілам. Бо колькі ж можна ствараць гэтыя шматлікія кааліцыі супраць. Давайце вызначымся, хто за эўрапейскую будучыню Беларусі. Давайце створым адну каааліцыю ўсіх сіл, якія гэта падтрымліваюць”.

Мікола Статкевіч гаворыць, што цяпер рыхтуецца зварот партыі да Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэты дакумэнт мяркуецца прыняць 27 ліпеня. Пасьля чаго, спадзяецца лідэр “Народнай грамады”, кангрэс разгледзіць новую ініцыятыву далучэньня Беларусі да Эўропы.
XS
SM
MD
LG