Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЧЫНЕНЬНІ ПАМІЖ ПОЛЬШЧАЙ І РАСЕЯЙ МОГУЦЬ ЗНАЧНА ПАГОРШЫЦЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Кавалак бэтону, у якім будаўнікі знайшлі падазронае прыстасаваньне, ня быў пазначаны на пляне будынку польскай амбасады. Як паведаміла дзяржаўнае тэлебачаньне Польшчы, гэткая апаратура можа быць выкарыстаная для падслухоўваньня размоваў унутры дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Як паведамляе польскае тэлебачаньне, Міністэрства замежных справаў стварыла надзвычайную камісію ў гэтай справе.

Прэсавы сакратар МЗС Польшчы пацьвердзіў, што ягонае міністэрства займаецца вывучэньнем знойдзенага прыстасаваньня і не выключае, што яно магло быць выкарыстанае ў тым ліку і для падслухоўваньня, аднак афіцыйную пазыцыю польскае замежнапалітычнае ведамства зойме толькі пасьля сканчэньня працы камісіі.

Цягам апошніх 5-6 гадоў дыпляматы абедзьвюх краінаў прыклалі шмат намаганьняў, каб скончыць пэрыяд значнага ахалоджаньня ў стасунках паміж Варшавай і Масквой, які распачаўся пасьля падзеньня ў Польшчы камуністычнага рэжыму.

Паводле шэрагу назіральнікаў, калі знойдзеная апаратура сапраўды акажацца прыдатнай для шпіянажу, усе гэтыя высілкі могуць аказацца марнымі.

Цяпер у амбасадзе Польшчы ў Маскве ідуць будаўнічыя работы, зьвязаныя з падрыхтоўкай консульскага аддзелу да ўвядзеньня візавага рэжыму для грамадзянаў Расеі сёлета ад 1 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG