Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 8 ЛІПЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год. Марцін Галавінскі піша:

“Ужо чаго-чаго можэ нам беларусам Бог паскупіў, але толькі не “прыяцеляў”. Куды ні памкніся, дзе не краніся, беспрыменна на “прыяцеля” наткнешся. І як толькі наткнешся, то й пайшлі рымзы над нашай няшчаснай доляй — а у вас мова цяжкая, — а у вас, бедненькіх, сьвядомасьці німа, — а вы выміраючы народ і ядыны ратунак прыняць вам вышэйшую культуру… і пайшлі, і пайшлі. Нідаўна мне адзін панок, сівенькі, старэнькі, быўшы дэпутат каторайсь там Думы даводзіў, што каталікоў беларусоў і ў сьвеце ніколі не бывала ды беларускія каталікі гэта нават і не тутэйшыя людзі, а ўсе “с кароны”. І каб я сябе не ўшчыпнуў у той час за лыдку, то, мабыць, і паверыў бы яму на ганаровае дэпутацкае слова”.


“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Пастанова бюро гаркаму КП(б)Б “Аб правядзеньні дня вызваленьня Беларусі ад белапалякаў”:

“1. Правядзеньне гадавіны прасякнуць прапагандай перамогі ленінскай нацыянальнай палітыкі, зьвязаўшы гэта з гадавінай канстытуцыі, дасягненьняў сацбудаўніцтва БССР за 13 год, паказу эканамічнага і палітычнага развалу фашысцкай Польшчы. 2. Прапанаваць парткалектывам правесьці 12 ліпеня палітмасоўкі і ў прыватнасьці выезд чыгуначнікам на пляцформу Сьвянціцкага і выхад па прынцыпе сутаварыства ў лягеры. 3. Асноўны зьмест палітмасовак: кароткія даклады “БССР за 13 год вызваленьня ад белапалякаў”, успаміны партызанаў і ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, увесяліцельная частка. Абавязаць фракцыю ГСПС забясьпечыць удзел клюбаў і тэатральных сіл у правядзеньні палітмасовак. Абавязаць каапарганізацыі забясьпечыць выязнымі буфэтамі палітмасоўкі”.


“Мы и время”, 1993 год. Ліст члена прафсаюзу з 1931 году Л.Бяловай:

“Я твой чытач і падпісчык і зьвяртаюся да цябе таму, што ня ўпэўненая ў тым, што “Советская Белоруссия” адрэагуе на мой ліст. На старонках “Советской Белоруссии” 26 чэрвеня была надрукаваная заява так званага Савету Свабодных прафсаюзаў. Прашу растлумачыць мне і іншым чытачам: што гэта за прафсаюз? Гледзячы на ягоную дзейнасьць і паводзіны, гэта праамэрыканскі ці брытанскі трэд-юніён, гледзячы на заклікі — нібыта прапазьнякоўскі. У той час як наш урад на чале з Кебічам робіць усё магчымае, каб спыніцца на краю бездані, “свабодны прафсаюз” заклікае па сутнасьці да зьвяржэньня гэтага ўраду. Просім растлумачыць, што гэта за прафсаюз і хто стаіць на чале яго?”
XS
SM
MD
LG