Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАСТОЎСКІМ РАЁНЕ РАЗРАБАВАЛІ МЭМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС, ПРЫСЬВЕЧАНЫ САВЕЦКІМ ПАРТЫЗАНАМ І САЛДАТАМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Рабаўніцтва адбылося ўначы. Скрасьці мэмарыяльныя дошкі было няцяжка. У мастоўскай міліцыі мне сказалі, што ў бэтонных плітах былі драўляныя коркі, да якіх цьвікамі прымацавалі дошкі. Цьвікі саржавелі, коркі згнілі, і зьняць мэталёвыя пліты можна было без праблем. Распачатая крымінальная справа.

Мэмарыяльны комплекс знаходзіцца далёка ад райцэнтру — больш як за 30 кілямэтраў, у былым партызанскім лесе каля ракі Шчара. Пабудавалі яго 20 гадоў таму. Навокал існавалі вёскі, якія немцы спалілі. Побач Ліпічанская пушча, там стаялі два партызанскія аддзелы брыгады імя Кастуся Каліноўскага. Праўда, адзін скінулі на парашутах з савецкіх самалётаў, і называўся ён тады “Кузьнецкія мэталюргі”. Мэмарыяльная мясьціна прысьвечаная таксама жыхарам раёну, якія загінулі на франтах і ад нямецкіх карнікаў.

Непадалёк ад комплексу вёсачка Шымкі — некалькі старых жыхароў. У ёй, дарэчы, жыве вартаўнік, але ён нічога ня бачыў. Злодзеі адарвалі ня ўсе мэталёвыя дошкі. Прычым, чатыры з адарваных пакінулі, бо яны ня ўлезьлі, – так лічаць у міліцыі. Увогуле груз атрымаўся важкі. Адная пліта важыць 7-8 кіляграмаў. У міліцыі ёсьць нейкія меркаваньні наконт транспарту, якім маглі вывезьці нарабаванае. Міліцыянты гавораць, што ўчынак надзвычай блюзьнерскі: на плітах выбітыя прозьвішчы тых, хто загінуў на вайне, у тым ліку мясцовых жыхароў.

Дагэтуль у раёне здаралася штосьці падобнае. Міліцыя затрымала злодзеяў, якія кралі нержавейныя агароджы з могілак, справа знаходзіцца ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG