Азбука вянчаньня
Ня кожны грамадзянскі саюз, зарэгістраваны ў ЗАГСе, можа быць асьвечаны таемствам шлюбу. Так, царква не дабраслаўляе тых, хто нехрышчоны, знаходзіцца ў кроўным сваяцтве да чацьвертай ступені (траюрадныя браты ці сёстры), або прытрымліваецца атэістычных перакананьняў і прыйшоў у храм на запатрабаваньне свайго каханага або бацькоў.
Напачатку — два распаўсюджаныя меркаваньні. Першае сфармуляванае так:
(Спадарыня: ) “Гледзячы, хто як выхаваны быў у дзяцінстве. У Ашмянах у нас ня мода — у нас рэлігійнасьць. У нас больш каталікоў, чым праваслаўных, таму няма такога, каб ня бралі шлюб. А праваслаўныя... Цяпер, канечне, у нас іх мала, але ўсе вянчаюцца”.
І адваротны пункт гледжаньня:
(Спадар: ) “Я лічу, што мода. Бо людзі ня могуць так хутка перабудавацца. Было адно, цяпер іншае зусім. Так перабудавацца адразу, што ўсе пачалі верыць — ну, ня верыцца ў гэта...”
Тым ня менш, працэс разьвіваецца даволі дынамічна. Вось некалькі апошніх вянчаньняў, за якімі зь цікавасьцю назірала Беларусь: у сьціплай вясковай царкве прычасьціліся Сьвятых Хрыстовых Тайнаў славуты тэнісіст Максім Мірны і фотамадэль Ксенія, у Катэдральным саборы — дочка поп-зорак Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай, крыху раней — сын драматурга Аляксея Дударава. Як і паўсюль у сьвеце, журналісты імкнуліся зафіксаваць кожны крок выбітных параў: як тыя апраналіся, хто за іх паручаўся, прысутнічаў на ўрачыстых цырымоніях…
Пільная ўвага прэсы менавіта да такіх вянчальных дэталяў сьведчыць: падсьвядома грамадзтва найперш цэніць зьнешні бок рытуалу. Вось што думаюць слухачы Радыё Свабода:
(Аня з Гомельшчыны: ) “У царкве, на мой погляд, абавязкова трэба вянчацца, таму што менавіта ў ёй кожны чалавек павінен мацаваць шлюб. Для многіх людзей, якія жывуць у Беларусі, гэта даніна традыцыі. Але многія ёсць, якія ідуць вянчацца з-за веры. З-за веры ў будучыню, з-за веры ў Бога”.
Ейная сяброўка Марта:
(Марта: ) “Вянчаюцца стабільнасьць і ўпэўненасьць у шлюбе”.
Жыхары Ашмянаў:
(Спадар: ) “Людзі цяпер не настолькі вераць у Бога. Хаця я вельмі веру. І мне падаецца, што для большасьці гэта мода”.
(Другі: ) “Хутчэй за ўсё, мода. Я ня думаю, што вяртаецца рэлігійнасьць”.
Азбука вянчаньня
Перад царкоўным шлюбам неабходна больш і шчыра маліцца дома раніцай і вечарам, наведваць царкоўныя богаслужэньні. Напярэдадні прычашчэньня трэба абавязкова быць на вечаровай службе. Адначасова з малітваю спалучаецца пост — устрыманьне ад мяса, яек, малочных прадуктаў, а калі шлюбнае жыцьцё ўжо мае месца — устрыманьне ад сэксу.
І зноў слова слухачам Радыё Свабода:
(Спадар: ) “Мода, я думаю. Паглядзіце навокал — усе такія рэлігійныя!..”
(Іншы: ) “Гэта нармальна. Я б не сказаў, што гэта мода. Я больш схіляюся да таго, што гэта традыцыя. На небе шлюбы — яны ж фіксуюцца. Я асабіста ў царкве б вянчаўся”.
(Спадар: ) “Чорт яго ведае”.
(Хлопец: ) “Як бы традыцыя такая прыгожая, добрая...”
Аксана з Кобрыні:
(Аксана: ) “Для некаторых гэта, пэўна, мода. А я як каталічка — для мяне, каб я брала шлюб, для мяне гэта была б ня мода. Гэта быў бы запыт мой уласны”.
Нашае апытаньне — не сацыялягічны замер. Аднак пэўнае ўяўленьне пра тэндэнцыі грамадзкай думкі дае. І яно шмат у чым супадае з назіраньнямі чыкагскага прафэсара сацыялёгіі Эндру Грылі. Па ягоных ацэнках, у Расеі й Беларусі колькасьць вернікаў сёньня вышэйшая, чым у Нямеччыне, Нідэрляндах, Скандынавіі. “Князь кіеўскі Ўладзімер, — піша амэрыканец, — усё ж атрымаў перамогу над Марксам”. І дадае: калі на Захадзе сярод маладых вера зьмяншаецца, то ў былых сацкраінах — адваротная зьява.
Спадар Грылі, між іншым, яшчэ й каталіцкі сьвятар. Таму цікавая ягоная заўвага пра беларускае вянчаньне: пакуль недастаткова ўсьвядомленае, але з прычыны палітычнай рэабілітацыі мусіць прыйсьці паўнавартаснае рэлігійнае асэнсаваньне гэтага акту. Тады і звузіцца разрыў паміж колькасьцю вернікаў і царкоўных шлюбаў. Замежны сацыёляг высока ацаніў той факт, што за савецкім часам прыхільнасьць да вянчаньняў уцалела, хоць гэта й мела сур’ёзныя наступствы нават для простых людзей.
Згадвае 68-гадовы жыхар вёскі Хальч Веткаўскага раёну Емяльян Бабкоў:
(Бабкоў: ) “Вянчайся, сын, бацька сказаў. Ну а жонка мая была круглая сірата, і мы павянчаліся. Справа была ў 58-м годзе, і мяне ледзьве з працы не зьнялі. Я быў кіроўцам. Паклікалі да дырэктара: “Што ты нарабіў! Чаму вянчаўся?” Дык я адказаў, што гэта — мой дзень: такое сьвята раз у жыцьці, вось і вянчаўся! “Я цябе з работы здыму!” Бац, ключы на стол: “На, а я — пайшоў”. Цяпер ніхто нічога не забараняе. Хочаш вянчайся, хочаш не — воля твая. Гэта вельмі добра, што такія традыцыі вяртаюцца”.
Атэізм шмат каго пазбавіў веры, спрадвечных рытуалаў. Ганна Барсукова з той жа вёскі Хальч, што і спадар Бабкоў, згадвае: адразу пасьля вайны яна з мужам не вянчалася. Царква згарэла, калі ў вёсцы стаяў фронт, новую і ня думалі будаваць. Зрэшты, і дзеці Ганны Трафімаўны не вянчаліся.
(Барсукова: ) “Многія нявенчаныя. У мяне дачка выходзіла замуж — не вянчалася. Унучка выходзіла — таксама... Не было яшчэ закону такога”.
Пад “законам” бабуля разумее і традыцыю, і нейкую моду, што пашырае цяпер межы, а таксама страх перад Усявышнім:
(Барсукова: ) “Вянчаюцца! І ня толькі з нашае вёскі, а й гарадзкія прыяжджаюць вянчацца. Хрысьцяць дзяцей. Баяцца Бога, Бога баяцца! Закон трэба сьцьвердзіць. Каб былі муж і жонка, каб было ўсё ў іх, як трэба...”
Аднак далёка ня ўсе богабаязныя. Вольга з Калінкавічаў вянчацца ў царкву ня пойдзе, бо ня вырашыла для сябе шмат якіх праблемаў:
(Вольга: ) “У царкву — не! Я ня ведаю, ці будзе гэты чалавек са мною ўсё жыцьцё, ці будзе ён тым, каго я павінна потым узяць на неба”.
Згодна апошніх апытаньняў, 7% расейцаў выказаліся за абавязковае дабраслаўленьне шлюбу царквой. Удзесяцёра больш лічаць, што дастаткова наведваньня ЗАГСу. А 16% за грамадзянскі шлюб. На думку адмыслоўцаў, прыблізна так мяркуюць і ў Беларусі.
Мы зьвярталіся за камэнтаром як да каталіцкіх, так і да праваслаўных сьвятароў. Аднак атрымалі адмовы — маўляў, неабходны дазвол вышэйшага кіраўніцтва. Такая асьцярожнасьць у простым, як падаецца, пытаньні, магчыма, і стрымлівае часам колькасьць ахвотных брацца царкоўным шлюбам. Дарэчы, адзін з суразмоўцаў усё ж пагадзіўся выказаць свой погляд, але на ўмове ананімнасьці:
(Сьвятар: ) “Гэта ня мода, але гэта яшчэ першыя спрабаваньні, першая адказнасьць сваё жыцьцё неяк асэнсаваць. Нейкая такая праслойка ёсьць людзей: для іх гэта традыцыя, можа, нават, нейкія карані старадаўнасьці”.
Гаворачы пра сур’ёзнасьць-несур’ёзнасьць царкоўнага шлюбу між маладымі людзьмі, дае ім фору:
(Сьвятар: ) “Гэта амаль што несур’ёзна. Таму што нават сталыя думкі ў галаву яшчэ не прыходязць. Гэта толькі тое, што дадзена прыродай — тут цяга чалавека да чалавека. Жаданьне неяк яго асьвяціць, наблізіць да царквы, да Бога”.
Аналізуючы тэндэнцыі, суразмоўца пагаджаецца — цяпер сярод беларусаў існуе мода на рэлігію як такую.
(Сьвятар: ) “Гэта, здаецца, больш падобна да моды. Можа, час… Можа, раней гэта было больш глыбока, бо былі нейкія сур’ёзныя перажываньні, сур’ёзныя выпрабаваньні ў жыцьці: беды, вайна… А цяпер гэта пакуль яшчэ вельмі кволае ўсё”.
Неяк у Петрыкаве давялося назіраць за вянчаньнем, і засталося не найлепшае ўражаньне. Сябры маладых ня здолелі вытрываць і паўгадзіны — пачуліся жартачкі, лёгкі сьмех, нявеста відавочна страціла меру ў макіяжы, на жаніху была масіўная бранзалетка, рука юнака, што трымаў карону над маладым, па-здрадніцку дрыжэла... Адчувалася: напярэдадні, калі расьпісваліся ў ЗАГСе, добра пагулялі... Між тым, царкоўныя правілы вельмі аскетычныя.
Азбука вянчаньня
Касмэтыкай і ўпрыгожваньнямі пажадана не карыстацца ўвогуле, або — у мінімальнай колькасьці. Затое абавязковыя нацельныя крыжыкі. Рукі, плечы павінны быць закрытымі, забараняецца і дэкальтэ. З апоўначы перад прыходам у храм маладыя мусяць ня есьці, ня піць і не паліць.
Да ўсяго асьвечанага ў народзе здавён ставяцца вельмі абачліва, паважліва, тым больш — да царкоўнага шлюбу. Многія якраз таму хочуць пабрацца ім, што гэта як бы засьцерагае мужа ці жонку ад непрадуманых, пасьпешлівых учынкаў. Аднак і замежны, і беларускі вопыт сьведчыць: тым надзеям не заўсёды наканавана збыцца.
Вось і спадарыня Яўгенія з Воршы вельмі спадзявалася на Боскае заступніцтва перад другім сваім шлюбам. Аднак ужо праз паўтара месяца пасьля вянчаньня мусіла разьвітацца з мужам. Жывуць асобна, хаця развод у каталікоў не вітаецца.
(Яўгенія: ) “Вось, я нават абвянчалася. Мы хадзілі ў касьцёл, і ён, і я. Бог даваў гэтаму чалавеку шанец — шанец жыць нармальнай сям’ёй. Ён чалавек і добры, і разумны. Але ў яго ёсьць адна загана — злоўжывае сьпіртным. Таму я зь ім жыць не магу і не хачу. Ён папракае: маўляў, калі вянчаліся, мусім жыць разам! Адказваю: мы ж таксама абяцалі адзін аднаму падтрымку... Зь цябе ж ні маральнай, ні матэрыяльнай, ні фізычнай — дык чаго я стану разам жыць? А ў касьцёл як хадзіла, так і буду хадзіць!”
Аднак спадарыня Яўгенія лічыць сваю драму выключэньнем — яна верыць, што касьцёл вянчае звычайна духоўна загартаваных людзей:
(Яўгенія: ) “Тут даюць шлюб падрыхтаваным у веры. Іх хрысьцяць, вядуць да першае споведзі, прыняцьця першай камуніі — вянчаюць ня проста таму, што толькі захацеў, прыйшоў з вуліцы, заплаціў грошы... Апошняе, кажуць, асноўнае якраз у праваслаўнай царкве, прычым немалыя там грошы аддаюць. А тут не яны галоўнае! Людзі павінны быць падрыхтаваныя духоўна”.
У гэтых разважаньнях шмат таго, чым тлумачацца няўдачы, хібы вянчаньня. Але ж ня ўсё... Ксёндз айцец Адам адзначае, што статыстыка краху сем’яў, у тым ліку і каталіцкіх, мае тэндэнцыю да павелічэньня.
(Айцец Адам: ) “У каталіцкім касьцёле няма разводаў! Але ёсьць такое, што называецца “сэпарацыя”, калі ўжо немагчыма жыць разам. 99 адсоткаў усіх сэпарацыяў — з-за гарэлкі. І тут безьліч такіх выпадкаў! Тады людзі жывуць асобна, але вянчацца болей нікому зь іх нельга, ніхто ўжо ў касьцёле іх не павянчае...”
Азбука вянчаньня
Цяпер найбольш распаўсюджаныя прычыны скасаваньня шлюбу выглядаюць так: здрада, алькагалізм, наркаманія, замах на жыцьцё мужа ці жонкі, псыхічныя адхіленьні, сэксуальная немач. Апошнюю царква прызнае толькі калі яна заўважылася ў першую шлюбную ноч. А як пазьней — давядзецца несьці той крыж праз усё жыцьцё. Праваслаўе дае дазвол на тры шлюбы. Зусім нядаўна дазволіла паўторны шлюб уплывовая англіканская царква. Яна на парозе прызнаньня права вянчацца людзям нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.
Але шмат хто з былых “праваслаўных атэістаў” — дый каталіцкіх таксама — па партыйнай завядзёнцы спрабуе перарабляць пад сябе ня толькі сьвецкія, але і рэлігійныя каноны. Так, зусім нядаўна ўнучка Міхаіла Гарбачова пабралася шлюбам у шыкоўным маскоўскім комплексе Гасьціны двор, куды запрасілі работнікаў ЗАГСу і сьвятара, які зьдзейсьніў абрад вянчаньня. Гэта не адпавядае нават Сямейнаму кодэксу Расеі, не кажучы ўжо пра царкоўныя патрабаваньні. Атрымліваецца, сьвятое падмянілі грахом.
І адначасова на сьціплым ранча ў аўстралійскай глушы жаніўся галоўны “глядыятар” плянэты — вядомы галівудзкі актор Расэл Кроў. Ён таксама запрасіў для адмысловага вянчаньня сьвятара. Але дзеля гэтага пабудаваў спэцыяльную сямейную царкоўку — адчуйце розьніцу! Між іншым, раней яны былі і ў знакамітых беларускіх родаў, нават у дробнай шляхты. Вось шта кажа жыхарка Ліды Надзея Вяцкая:
(Вяцкая: ) “Ну, нам, безумоўна, не хапае веданьня традыцый таго ж самага вянчаньня. Тут мы прайграем. Адназначна. Ды і ўмовы ня ўсюль спрыяльныя. Затое ў нас болей, чым на Захадзе, больш, чым у таго ж “глядыятара”, жаданьня жыць у згодзе зь небам. У людзей столькі вызваленай духоўнай энэргетыкі, што яна дае нам шанец нарэшце знайсьці сябе... Я ж бачу, як хочуць гэтага!”