Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ РЭЗАЛЮЦЫІ ПАРЭ Ў СПРАВЕ БЕЛАРУСІ

Ул. інф.

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ

Дадатковы пункт у справе Беларусі

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ:

1) Вітае паўторнае адкрыцьцё 1 студзеня 2003 году Офісу АБСЭ ў Менску і дух супрацы, які да цяперашняга часу выяўляе ў стасунку да яго ўрад Беларусі;

2) Заяўляе пра цьвёрды намер і надалей падтрымліваць дзейнасьць Офісу, угрунтаваную на яго мандаце і адпаведных мэмарандумах, і настойліва заклікае ўрад Беларусі не дапускаць стварэньне перашкодаў для працы Офісу;

3) Вітае заяўленую ўрадам Беларусі гатоўнасьць да актыўнай працы і супрацы ў рамках Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ;

4) Заяўляе пра жаданьне актыўна весьці надзвычай неабходны дыялёг з Нацыянальным сходам і урадам краіны;

5) Нагадвае пра тое, што дагэтуль ня выкананая ніводная з чатырох умоваў, якія ляжаць у аснове дзейнасьці працоўнай групы, і ніводнае з патрабаваньняў, выстаўленых ураду Беларусі, а менавіта: пра здавальняючы доступ усіх палітычных партыяў да сродкаў масавай інфармацыі; пра наданьне парлямэнту важкіх функцыяў і паўнамоцтваў; пра неўжываньне захадаў дыскрымінацыі да палітычнай апазыцыі і зьдзяйсьненьне захадаў умацаваньня даверу; пры прыняцьцё дэмакратычнага выбарчага кодэксу і забесьпечэньне празрыстасьці электаральнага працэсу;

6) Вітае ініцыятыву Эўрапейскага Зьвязу (ЭЗ) “Новыя суседзі”, якая дае Беларусі магчымасьць інтэграцыі і забясьпечвае абарону ад якіх-кольвек магчымых нэгатыўных наступстваў пашырэньня ЭЗ;

7) Настойліва заклікае ўрад Беларусі скарыстацца з гэтай магчымасьці;

8) Настойліва заклікае Нацыянальны сход Беларусі перагледзець і прыняць выбарчы кодэкс у адпаведнасьці з нормамі АБСЭ;

9) Выказвае шкадаваньне у зьвязку з тым, што дагэтуль ня зьдзейсьненыя важныя рэформы ў праўнай сфэры, улучна з разрабленьнем новага выбарчага кодэксу, заканадаўства пра мэдыі і законаў, якія вызначаюць паўнамоцтвы парлямэнту;

10) Настойліва заклікае ўрад Беларусі падаць у адпаведнасьці з дадзенымі абяцаньнямі на разгляд Нацыянальнага сходу неабходныя законапраекты;

11) Настойліва заклікае ўрад Беларусі перагледзець выбарчы кодэкс з мэтаю стварыць умовы для правядзеньня свабодных, сумленных і празрыстых выбараў. Дзеля гэтага, у прыватнасьці, неабходна:

- перагледзець парадак фармаваньня выбарчых камісіяў на ўсіх узроўнях (мясцовым, абласным і агульнанацыянальным);

- абмежаваць магчымасьць датэрміновага галасаваньня і галасаваньня не па месцы жыхарства і забясьпечыць угрунтаваны на празрыстасьці нагляд за ужываньнем такога парадку;

- забясьпечыць нацыянальным і міжнародным назіральнікам належны доступ на ўсіх стадыях электаральнага працэсу;

12) Настойліва заклікае АБСЭ правесьці назіраньне за выбарамі ў Нацыянальны сход 2004 году;

13) Зазначае, што правядзеньне у будучыні выбараў ці рэфэрэндумаў у адпаведнасьці з патрабаваньнямі цяперашняга заканадаўства аб выбарах, якое не адпавядае нормам АБСЭ, будзе крокам назад у працэсе наладжаньня стасункаў паміж Беларусьсю і АБСЭ;

14) Выказвае шкадаваньне у зьвязку з тым, што Нацыянальны сход Беларусі не валодае ў поўным аб’ёме правамі, належнымі парлямэнту, і настойліва заклікае Нацыянальны сход і ўрад Беларусі перагледзець заканадаўчыя нормы, каб забесьпячыць рэалізацыю гэтых правоў;

15) Настойліва заклікае прыняць заканадаўства, якое рэгулюе рэгістрацыю і парадак рэгістрацыі, адпаведнае нормам АБСЭ;

16) Асуджае перасьлед арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці “Грамадзянскіх ініцыятываў” і “Ратушы”, пажыўным грунтам для якога ёсьць, зноў жа, тыя самыя недасканалыя заканадаўства і парктыка;

17) Вітае наяўнасьць у Нацыянальным сходзе групы незалежных прадстаўнікоў дэмакратычнай арыентацыі (“Рэспубліка”), якія дамагаюцца прыняцьця дэмакратычнага заканадаўства;

18) Асуджае якія-кольвек спробы здушэньня, дыскрымінацыі і вылучэньня палітычна матываваных крымінальных абвінавачаньняў супраць гэтых і іншых парлямэнтароў;

19) Настойліва заклікае ўсіх прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абараняць сваіх калегаў, якія спрабуюць ажыцьцяўляць свае законныя парлямэнцкія і палітычныя правы;

20) Настойліва заклікае ўрад Беларусі пераняцца выпадкамі забойства і зьнікненьня людзей зь меркаваных палітычных матываў і паскорыць расьследаваньне такіх справаў;

21) Не ўхваляе значнага пагаршэньня ў Беларусі ў сацыяльна-палітычнай і гуманітарнай сфэрах;

22) Выказваецца ў падтрымку ў зьвязку з гэтым рэзалюцыі 2003/14 Камісіі ў правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ад 17 красавіка 2003 году;

23) Настойліва заклікае зрабіць канец абмежаваньням на дзейнасьць прафсаюзаў і забясьпечыць праўнымі санкцыямі права на стварэньне аб’яднаньняў працоўных у адпаведнасьці з нормамі Міжнароднай арганізацыі працы;

24) Асуджае палітычна матываваны перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі, якіх звальняюць з працы і ў шэрагу выпадкаў робяць аб’ектамі палітычна матываванага крымінальнага перасьледу;

25) Настойліва заклікае прызначыць амбудзмэна ў справе правоў чалавека;

26) Настойліва заклікае ўрад Беларусі падрыхтаваць у адпаведнасьці з дадзенымі абяцаньнямі праект закону пра сродкі масавай інфармацыі, які належыць перадаць у АБСЭ і Раду Эўропы для ацэнкі і потым падаць на разгляд Нацыянальнага сходу Беларусі;

27) Настойліва заклікае Нацыянальны сход Беларусі прыняць і ўвесьці ў дзеяньне зьмены ў заканадаўства ў адпаведнасьці з крытэрамі АБСЭ і рэкамэндацыямі АБСЭ й Рады Эўропы.

28) Асуджае працяг уціску недзяржаўных незалежных мэдыяў і перасьлед незалежных журналістаў, у асаблівасьці закрыцьцё і ўжыцьцё цэнзуры ў дачыненьні да такіх газэтаў, як “Народная воля”, “Навінкі” і “Вячэрні Столін”. Асаблівую занепакоенасьць у гэтай сувязі выклікае прыпыненьне на тры месяцы публікацыі “Белорусской деловой газеты”. У гэтай сувязі таксама вартая асуджэньня практыка рэгістрацыі друкаваных мэдыяў поўная абмежаваньняў заканатворчая і заканадаўчая практыка.

29) Настойліва заклікае дэманстраваць справядлівы і роўны падыход да апазыцыйных палітычных партыяў і забясьпечыць ім свабодны доступ да дзяржаўных мэдыяў.

30) Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сілаў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG