Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ “ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ” У ДЗЕНЬ ТРЭЦІХ УГОДКАЎ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Юры Сьвірко, Менск

Амаль увесь панядзелак у Менску йшоў моцны дождж, але а шостай гадзіне вечара, калі мусіла пачацца акцыя з нагоды трэцяе гадавіны зьнікненьня апэратара Беларускага бюро тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага, дождж спыніўся. Ён пайшоў зноў, калі “Ланцуг неабыякавых людзей” адстаяў на плошчы гадзіну і разышоўся. Каля сотні ўдзельнікаў акцыі стаялі ўздоўж праспэкту Францішка Скарыны тварам да рабочай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, трымаючы партрэты Зьмітра Завадзкага, а таксама Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага.

Арганізоўвае гэтыя ланцугі ў межах сваёй кампаніі “Хочам ведаць праўду” Аб’яднаная грамадзянская партыя, намесьнік старшыні якой Аляксандар Дабравольскі сказаў:

(Дабравольскі: ) “Наша мэта ня толькі нагадаць людзям пра нейкае пачуцьцё чалавечнасьці і справядлівасьці, але і спрыяць таму, каб больш не было такіх выпадкаў. І значную ролю гэтыя акцыі адыгралі ў тым, што спыніліся зьнікненьні палітыкаў і журналістаў. Таму што, калі б гэта ўсё было ў тайне, то гэта можна было б рабіць, не саромеючыся, а зараз для ўлады вельмі няёмка нават разганяць такія акцыі, як наша".

У “Ланцугу неабякавых людзей”, апрача маці й жонкі Зьмітра Завадзкага, стаялі й былы палітвязень Андрэй Клімаў, і жонка іншага зьніклага Ірына Красоўская, і журналіст Валеры Шчукін, які падкрэсьліў:

(Шчукін: ) “Мы нагадваем каб не забылі пра гэта замоўцы і выканаўцы. Усім нам зразумела, што ніякое гэта не шараговае забойства ці выкраданьне, гэта чыста палітычныя, і пра гэта забываць нельга. Гэта гарантыя таго, што нашы дзеці, нашы ўнукі ня будуць зьнікаць”.

Я падышоў таксама да маці Зьмітра Завадзкага, якая стаяла ў сярэдзіне ланцугу з партрэтам сына.

(Вольга Рыгораўна Завадзкая: ) “Адчуваю горыч. Мацярынскае сэрца ніколі не адмаўляецца ад мары. На жаль, нічога ня робіцца ўладамі, нічога не прадпрымаецца. Вынікамі неаднаразовых акцыяў ёсьць заігрываньне ў літаральным сэнсе слова – то адкрываюць справу, то закрываюць. І больш у прынцыпе нічога. А сёньняшняя акцыя – гэта лішні раз нагадаць людзям, што побач зь іх дабрабытам усё ж такі ў людзей ёсьць гора”.

(Карэспандэнт: ) “Памятаеце, калі Лукашэнка прызначаў генэральным пракурорам Шэймана, ён сказаў: трэба абавязкова знайсьці зьніклых, і перш за ўсё Дзіму?”

(Завадзкая: ) “Паўсюль, ува ўсім сьвеце, карэспандэнты адкрыта гавораць тое, што яны думаюць, камэнтуюць, так як ім гэта трэба, і нідзе не адбываецца такіх рэчаў, як у нашай "спакойнай Беларусі", паводле ягоных словаў. Аднак гэты факт адбыўся, і відаць, нейкім чынам Дзіма аказаўся няўгодным".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG