Уладзімер Колас лічыць, што настаў час, калі ўсе бакі канфлікту павінны шукаць кампраміснае рашэньне. У выпадку пагаршэньня сытуацыі наступствы могуць быць вельмі сур’ёзныя.
(Колас: ) “Вядуцца перамовы і з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, і з прадстаўнікамі гораду, і з прадстаўнікамі больш высокіх уладаў. Мэта — захаваць калектыў, захаваць сутнасьць таго, чым зьяўляўся ліцэй. Калі фармальна прычынай ліквідацыі была “аптымізацыя навучальнага працэсу”, і на словах нам тлумачылі, што трэба палепшыць фінансаваньне, бо, як высьветлілася, у рэспубліканскай установы няма сродкаў для ўтрыманьня такой установы, то давайце зробім так, каб гэта было на карысьць справе. Зробім, каб 1 верасьня, сапраўды, няхай у гарадзкім статусе, няхай у якім заўгодна, але па-сутнасьці дзеці пачалі вучобу ў сваіх выкладчыкаў”.
Выкладчыкі вырашылі, што ў новы ліцэй прыйдуць усім калектывам. У выпадку, калі каго-небудзь зь іх ня возьмуць на працу, усе астатнія звольняцца.
7 ліпеня ліцэісты правялі сход, на якім вырашылі стварыць на ўзор пэдкалектыву і бацькоў новую ўстанову “Беларускі ліцэй”. Яны там працягнуць практыку самакіраваньня. Да гэтай ідэі далучыліся й выпускнікі ліцэю.
Намесьніца Ўладзімера Коласа ў навучальнай працы Ірына Сідарэнка паведаміла, што ніводзін з бацькоў не забраў дакумэнтаў, каб перавесьці дзіця ў іншую навучальную ўстанову.
(Сідарэнка: ) “Вельмі прыемна, што бацькі вельмі аптымістычна настроеныя. Настроеныя ісьці ў гэты ліцэй і змагацца за яго, нават тыя, хто яшчэ тут не вучыліся. Бацькі ў нас на радасьць вельмі аб’яднаныя. У іх мэта — вучыцца менавіта ў гэтым ліцэі. Ніхто й ня думае забіраць дакумэнты адсюль ці пісаць заявы ў іншыя ўстановы. Гэта пры тым, што бацькі ўжо атрымалі паперкі, каб пісалі заявы ў новы ліцэй. Ніхто і не зьбіраецца. Усе ўпэўненыя, што будуць вучыцца толькі тут”.
Пэдкалектыў і бацькі ліцэістаў спадзяюцца, што звароты грамадзкіх арганізацыяў, якія ідуць у адміністрацыю Лукашэнкі і Міністэрства адукацыі, паўплываюць на рашэньне чыноўнікаў, і сытуацыя вырашыцца на карысьць ліцэю.