Сёлетнія “шагалаўскія дні”, прысьвечаныя 116 гадавіне нараджэньня майстра, распачаліся адкрыцьцём незвычайнай выставы – упершыню ў Віцебску экспануюцца літаграфіі ды ксылагарафіі такіх мастакоў, як Сальвадор Далі, Пабла Пікасо, Анры Матыс, Васіль Кандзінскі… І працы самога Марка Шагала. Усяго 40 аркушоў, падораных Віцебску замежнымі ўладальнікамі прыватных калекцыяў – доктарам Генрыхам Мандэлем зь Нямеччыны ды швайцарскай мастачкай Сюзанай Бауман.
Сёлета ў Віцебск прыехала француская дасьледчыца Наталі Азан. Прыехалі навукоўцы з Масквы ды Санкт-Пецярбургу, зь Нямеччыны прыехала пляменьніца Марка Шагала. Дырэктарка шагалаўскага музэю Людміла Хмяльніцкая падрыхтавала агляд новых зьвестак, новых біяграфічных падрабязнасьцяў зь віцебскага пэрыяду жыцьця Марка Шагала ды ягонай жонкі Бэлы Розэнфэльд…
А ўсе тыя, хто ня дужа любіць навуковыя імпрэзы, змогуць патрапіць сёньня ў госьці да Марка і Бэлы : “У гасьцях у Марка і Бэлы” – так называецца штогадовае сьвята на Пакроўскай вуліцы, дзе месьціцца дом-музэй Шагалаў. Там у садочку накрываюцца сталы, гатуюцца традыцыйныя яўрэйскія стравы, усіх запрашаюць на канцэрт… Дарэчы, сёньня там пройдзе прэзэнтацыя кнігі “Арфа Давіда” віцебскага паэта Давіда Сімановіча – гэта пераклады на расейскую ды беларускую мову вершаў самога Марка Шагала.
Традыцыйна ў шагалаўскіх сьвяткаваньнях бяруць удзел прадстаўнікі француcкае амбасады, а вось адзіным афіцыйным прадстаўніком Беларусі на ўчорашнім адкрыцьці “шагалаўскіх дзён” быў загадчык аддзелe культуры аблвыканкаму Віктар Кібісаў. І калі казаць увогуле пра стаўленьне тутэйшых уладаў да Шагалаўскіх чытаньняў, то нельга не згадаць яшчэ адзін прыкры факт: з тыдзень таму ў самай афіцыёзнай газэце “Віцебскі рабочы” зьявіўся артыкул колішняга старшыні тутэйшай пісьменьніцкай філіі Алега Салтука, які заявіў, што “Шагал – ня наш мастак”, і што цікаўнасьць да ягонае творчасьці “падаграюць палітычныя ворагі”.