Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОНАР 750-ГОДЗЬДЗЯ КАРАНАЦЫІ ПЕРШАГА КНЯЗЯ ВКЛ МІНДОЎГА

Валянціна Аксак, Менск

Гэтаю імпрэзаю грамадзкі нацыянальны камітэт распачынае цэлы шэраг сьвяточных дзеяў з нагоды слаўнае даты айчыннае гісторыі. Афіцыйныя ўлады Беларусі ніяк яе не адзначаюць.

Міндоўг ці як яго яшчэ называюць летапісы — Мендог, сын Даўгерда, нарадзіўся ў 1195 годзе. Ад 1219 і да самае сьмерці ў 1263 годзе вёў няспыннае змаганьне за злучэньне і ўмацаваньне раздробленых ліцьвінскіх (беларускіх ) земляў у адно моцнае, а значыць непадлеглае ворагам княства. І яму гэта ўдалося. У “Кроніцы Быхаўца” чытаем, што забіўшы адных сваіх ворагаў і выгнаўшы на чужыну іншых, “Міндоўг пачаў княжыць па ўсёй Зямлі Літоўскай адзін, меў славу і гонар вялікі і не цярпеў супроць сябе нікога”.

Тонкая дыпляматычная палітыка Міндоўга прынесла яму прызнаньне Папскага прастолу ў Рыме, ад якога наўпрост залежала наданьне каралеўскага тытулу кіраўніку паўсталае дзяржавы. І хутка Міндоўг атрымаў каралеўскую карону ад папы Інакенція IV.

Месцам каранацыі Міндоўг выбраў сабе цэнтар ня так даўно далучаных да свайго княства земляў цэнтральнае Літвы — горад Наваградак. Ад даты каранацыі 6 ліпеня 1253 году гэты горад стаў сталіцаю сярэднявечнае дзяржавы беларусаў — Вялікага Княства Літоўскага. А само Княства афіцыйна рабілася каралеўствам, што стварала падставы для стабільнасьці ў дачыненьнях ВКЛ з эўрапейскімі дзяржавамі.

Дату 6 ліпеня цяпер шырока адзначаюць на ўрадавым узроўні ўсе краіны, чые народы ўваходзілі ў склад ВКЛ. А Беларусь — ядро ВКЛ, як і за саветамі, робіць выгляд, што яе падзеі 750-гадовае даўніны не датычныя, — афіцыйная Беларусь.

Няўрадавы ж грамадзкі камітэт апрача адчыненае 5 ліпеня мастацкае выставы “Каранацыя Міндоўга” ладзіць у гэты ж вечар у менскім Доме літаратара ўрачыстае паседжаньне нацыянальнае грамадзкасьці і сьвяточны канцэрт. У нядзелю, 6 ліпеня ў Наваградзкім фарным касьцёле аб 11 гадзіне адбудзецца ўрачыстая імша. Сьвяточныя імпрэзы працягнуцца 9 ліпеня адкрыцьцём дзіцячае мастацкае выставы “Міндоўг” у Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Францішка Скарыны. А 12 ліпеня грамадзкі камітэт запрашае ўсіх прыхільнікаў айчыннае гісторыі ў сталіцу ВКЛ Наваградак, на старажытнае замчышча, камяні якога памятаюць дзень каранацыі першага князя Міндоўга.

XS
SM
MD
LG