Апрача рээкспарту, значныя прыбыткі прыносіць і гандаль канфіскатам. Аднак цяпер, калі Расея мае намер зноў увесьці гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі, гэтая крыніца паступленьняў грошай можа зьнікнуць.
Днямі стала вядома пра магчымае ўвядзеньне абмежаваньняў на імпарт некаторых відаў прадуктаў зь Беларусі, якое Расея хоча ўвесьці ў зьвязку з частымі выпадкамі рээкспарту тавараў зь беларускай тэрыторыі. Так, прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі заяўлялі пра тое, што нядаўна на мяжы была затрыманая партыя рыбы, задэкляраваная як беларуская, але насамрэч гэта быў тавар з трэціх краінаў. Са словаў расейскіх чыноўнікаў, аналягічныя выпадкі былі і зь іншымі харчамі. Замежныя перавозчыкі часта маскіруюць свой тавар пад беларускі, каб не плаціць высокага мыта, бо ў Беларусі з Расеяй няма мяжы.
Таму расейцы і лічаць неабходным абмежаваць увоз беларускіх тавараў, каб такім чынам пакараць вытворцаў з суседняй дзяржавы. Хутчэй за ўсё, гаворка пойдзе пра абмежаваньне паставак мяса. Прадстаўнікі шэрагу беларускіх ведамстваў пакуль цьвердзяць, быццам да іх ніякіх прэтэнзіяў з боку расейскіх калегаў не паступала. Да таго ж магчымыя гандлёвыя санкцыі не ўспрымаюцца як вялікая трагедыя. Пастаўкі беларускага мяса ў Расею мізэрныя.
Разам з тым, чарговы расейска-беларускі гандлёвы канфлікт мае больш глыбокія карані. Пра гэта ў гутарцы са мной заявіў кіраўнік міжнароднай асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхаіл Марыніч. Ён сьцьвярджае, што рээкспарт тавараў у Расею часта адбываецца з блаславеньня беларускіх чыноўнікаў. Часткова ён быў спынены ў 2000 годзе, калі Расея ўвяла мытны кантроль на беларускай мяжы. Аднак, кажа спадар Марыніч, рээкспарт працягваецца.
(Марыніч: ) “Ня ўся расейска-беларуская мяжа мае мытныя пункты праверкі. Гэтым карыстаюцца падкантрольныя ўладзе структуры. Таму ня дзіўна, што такі рээкспарт мае месца і сёньня, і безумоўна — нэгатыўную рэакцыю расейскіх уладаў. У беларускіх чыноўнікаў ёсьць яшчэ адзін прыбытковы лаз. Гэта паляваньне на вырабы, якія маюць парушэньні пры мытным афармленьні тавараў, што ідуць у Расею з Захаду. Усё гэта ідзе ў гэтак званы канфіскат. З Расеяй ніякіх разьлікаў няма. Улада прысвойвае ўсё сабе, і аднаму Богу вядома, куды ідуць даляры ад канфіскату”.
Дарэчы, у сьвеце больш няма краінаў, дзе б існавала цэлая гандлёвая сетка для рэалізацыі канфіскату — гэта чарговы фэномэн Беларусі. На думку экспэрта, Расея будзе мець рацыю, калі ўвядзе гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі ў якасьці пакараньня. Паводле ягоных словаў, беларускія ўлады маюць з рээкспартнага бізнэсу да 2 мільярдаў даляраў прыбытку, і грошы гэтыя не трапляюць у дзяржаўны бюджэт. Калі гэта адбудзецца, Беларусь перастане карыстацца выгодамі Мытнага саюзу, які працуе з 1995 году і вымушаная будзе весьці больш сумленны гандаль з Расеяй.