Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ ЛУКАШЭНКІ БЕЛАРУСКІМ ТЭЛЕКАНАЛАМ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Упершыню напярэдадні Дня Рэспублікі Лукашэнка даваў інтэрвію, якое было паказанае адразу на трох беларускіх тэлеканалах. Факт даволі незвычайны. У тэзах, выкладзеных ім, былі даволі цікавыя акцэнты. Паколькі інтэрвію было прысьвечанае Дню Незалежнасьці, то тэма незалежнасьці стала лейтматывам усёй гутаркі. Якое агульнае ўражаньне ў вас ад гэтага інтэрвію? Які сэнс у гэтай PR-акцыі?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Я зьвярнуў увагу, што выглядаў беларускі лідэр незвычайна стрымана. Ён гаварыў амаль што без эмоцыяў. А гэта сьведчыць аб тым, што ўсе выкладзеныя ім тэзы, заявы і высновы рабіліся вельмі прадумана. Калі летась у канцы году падчас “газавага скандалу” рэзкія заявы Лукашэнкі можна было растлумачыць нейкімі форс-мажорнымі варункамі, то цяпер усё гэта прадуманая PR-акцыя.

Галоўны тэзыс быў такі. Упершыню так закончана, з усіх бакоў абмаляваны вобраз ворага ў абліччы Расеі. Прычым, з інтэрвію вынікала, што не асобныя нейкія злыя сілы, “праціўнікі інтэграцыі”, як казалася раней, а ўсе расейскія эліты ў розных кантэкстах праводзяць антыбеларускую палітыку. Згадваліся і алігархі, і кіраўніцтва Расеі, і расейскія мэдыі. Наконт апошніх было сказана, што яны вядуць супраць Беларусі інфармацыйную вайну. А нашыя наіўныя грамадзяне, мусіць, думалі, што ўсё яшчэ грымяць барабаны інтэграцыі.

Галоўнае пытаньне: дзеля чаго гэта робіцца? Я думаю беларускі кіраўнік прадбачыць хуткае абвастрэньне стасункаў з Масквою. І галоўнаю праблемаю будзе пытаньне аб падаўжэньні яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. А Расея адносіцца да гэтага нэгатыўна. Таму загадзя рыхтуецца глеба, сьвядомасьць электарату да публічнай рэакцыі Масквы.

І яшчэ Лукашэнка пазыцыянуе сябе гарантам беларускага сувэрэнітэту. І тым самым ён выбівае глебу ў апазыцыі. Такім чынам, гэтая акцыя мае адразу некалькі задачаў”.

(Уладзімер Падгол: ) “Лукашэнка патрапіў у абцугі. З аднаго боку, умацаваўся вобраз Пуціна. Падчас сьвяткаваньня 300-годзьдзя Санкт-Пяцербургу Пуцін пазыцыянаваўся нашчадкам расейскіх цароў. А ў Калінінградзе расейскага прэзыдэнта прадстаўлялі як спадкаемца савецкай імпэрыі. І гэты магутны вобраз Пуціна падціснуў Лукашэнку.

Трэба зьвярнуць увагу на тое, што Пуцін дыстанцыяваўся ад Лукашэнкі. Калі яму задалі пытаньне аб трэцім тэрміне беларускага прэзыдэнта, ён сказаў, што я ня ведаю, што там творыцца, а я на трэці тэрмін не пайду.

А другі бок абцугоў — Дзень Незалежнасьці. Ёсьць і трэці бок ціску на Лукашэнку. Гэта ўсе абставіны, зьвязаныя зь сьмерцю і пахаваньнем Васіля Быкава. Нечакана на палітычнай арэне паміж Пуціным і Лукашэнкам, якія ўжо пэўны час вядуць завочнае спаборніцтва паміж сабою, усунуўся Быкаў. Пуцін выказаў вельмі цёплае спачуваньне з нагоды ягонай сьмерці. Расейскія СМІ прадэманстравалі павагу да Быкава, а на кантрасьце паказалі дрэннае стаўленьне да вялікага пісьменьніка з боку беларускай улады. І плюс да гэтага — усенароднае ўшанаваньне памяці Быкава ў Менску.

І такім чынам, рэйтынг Лукашэнкі апынуўся пад пагрозаю. І ён гэта адчуў. І ў сваім інтэрвію ён мусіў, з аднаго боку. спабрнічаць з Пуціным, а зь іншага боку, спаборнічаць з Быкавым у адстойваньні незалежнасьці Беларусі. То бок, Лукашэнка адчуў, што псыхалягічна яго загналі ў кут. І ён зрабіў першую спробу вырвацца з гэтага кута”.

(Карбалевіч: ) “У мяне склалася ўражаньне, што Лукашэнка гаварыў цяжка, ня вельмі гладка, часам ня вельмі зразумела для людзей, далёкіх ад палітыкі. Здавалася, што ён дрэнна падрыхтаваўся, разьлічваючы на сваю здольнасьць да імправізацыі. Я, напрыклад, ня ўбачыў нейкага імпэту, энтузіазму, натхненьня.

Некаторыя тэзысы былі дзіўнымі. Напрыклад, калі ён тлумачыў, што такое незалежнасьць. На ягоную думку, незалежнасьць — гэта калі людзі могуць павесьці дзяцей у парк, у лес ці мець кавалак зямлі для апрацоўкі. Узьнікае пытаньне, ці разумее чалавек сам, што такое незалежнасьць?

Адной з галоўных ідэяў гутаркі было тое, што з усіх бакоў, і з Захаду, і з Усходу ад Беларусі знаходзяцца нядобразычліўцы, якія ціснуць на краіну, імкнуцца “пакласьці, разьдзяліць і падпарадкаваць”. Але найбольш цікава тое, што галоўная пагроза дзяржаве — не з Захаду, як звычайна тлумачылася. Захад быў узгаданы коратка і ўскосна. Высьветлілася, што галоўная пагроза Беларусі існуе з боку найбліжэйшага саюзьніка і сябра — з боку Расеі, аб чым ужо казаў спадар Класкоўскі. Менавіта Масква хоча далучыць да сябе, захапіць нашыя прадпрыемствы, распачынае інфармацыйную вайну і іншае. Як бы вы пракамэнтавалі гэтыя тэзы?”

(Класкоўскі: ) “Я лічу, што тут беларускі афіцыйны лідэр і ня крывіць душой, калі кажа пра гэтую пагрозу з боку Расеі. Іншая справа, што тут трэба адсунуць убок высокую рыторыку пра незалежнасьць, патрыятызм. Справа ў тым, што існуе пагроза палітычным плянам кіраўніка Беларусі, найперш плянам падаўжэньня яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Вось у гэтым галоўная прычына яго антырасейскіх выпадаў.

Крэмль ня хоча прымаць канстытуцыйны акт, які даў бы легальную падставу для супольнага з Расеяй рэфэрэндуму. Таму Лукашэнку давядзецца ладзіць плебісцыт аўтаномна. А для гэтага патрэбнае нейкае ідэалягічнае абгрунтаваньне. І таму антырасейская рыторыка Лукашэнкі — прэвэнтыўнае абгрунтаваньне тых дзеяньняў, якія зьбіраецца рабіць беларуская ўлада. І магчымая крытыка з боку Масквы будзе трактавацца як варожыя наскокі, патаемнае жаданьне падмяць і падзяліць Беларусь”.

(Падгол: ) “Антырасейскую кампанію можна патлумачыць вельмі коратка: страх за сваю ўладу. Любое рэальнае збліжэньне з Расеяй — ці ў галіне палітыкі, ці эканомікі — гэта пагроза сваволі Лукашэнкі ў Беларусі. Таму будуецца вялікая беларуская сьцяна паміж Расеяй і Беларусьсью. Пагроза ўладзе Лукашэнкі цяпер больш зыходзіць з Масквы, чым з Захаду”.

(Карбалевіч: ) “Калі б у гэтым інтэрвію ўдзельнічаў незалежны журналіст, то ён мог бы задаць натуральнае пытаньне. Мудры кіраўнік дзяржавы мог бы даўно ўбачыць гэтую небясьпеку з боку вялікага суседа і паспрабаваць максымальна дыстанцыявацца ад такой небясьпекі. А Беларусь наадварот — апошнія гады трапляла ва ўсё большую залежнасьць ад Расеі. Дык хто ж гэты Іван Сусанін, які дзевяць гадоў вёў беларусаў не туды, вёў у гэтую пастку? І ці зможа чалавек, які завёў у багну, вывесьці зь яе?

Але такое пытаньне не было зададзенае. Наадварот, здаецца, цэнтральная ідэя інтэрвію была ў тым, што менавіта Лукашэнка зьяўляецца галоўным і адзіным абаронцам і гарантам беларускай неалежнасьці, аб чым ужо казалі мае суразмоўцы. Менавіта ён супраціўляецца ўсім памкненьнм, і з Захаду, і з Усходу, захапіць Беларусь. Таму пакуль ва ўладзе Лукашэнка, краіне нічога не пагражае. Ці згодныя вы, з тым, што менавіта такое ўражаньне хацелі зрабіць ініцыятары гэтай PR-акцыі? І ці ўдалося гэта?”

(Класкоўскі: ) “Натуральна, што любы апазыцыянэр скажа словамі Станіслаўскага: “Ня веру!” І скажа, што ўсё гэта няшчыра, фальшыва, згадае, што за кулісамі ідзе палітычны гандаль і іншае. Але Лукашэнка працуе на электарат. Вось вы, спадар Карбалевіч, адзначылі, што праблему незалежнасьці кіраўнік дзяржавы трактаваў неяк прымітыўна: магчымасьць пайсьці ў лес, у парк і іншае.

Я думаю, гэта невыпадкова. Гэта гульня на рэліктавых асаблівасьцях масавай сьвядомасьці. І рыторыка ў абарону незалежнасьці ідзе ў зьвязку з такімі тэзамі: калі страцім незалежнасьць, то прыйдуць алігархі і будзе шокавая тэрапія, будзе беспрацоўе, забяруць зямлю, будзе кепска. “А я вас ад гэтага ўсяго абараню”, — кажа Лукашэнка. Інакш кажучы, ідзе эксплюатацыя патэрналісцкіх ілюзіяў.

І гэта своеасаблівы выклік апазыцыі. Бо цяпер у яе адбіраюць незалежніцкую палітычную прастору. Яе прымушаюць у піку Лукашэнку стаць прыхільнікамі “шокавай тэрапіі”, “абвальнай прыватызацыі”. А гэта вельмі нявыйгрышнае пазыцыянаваньне.

Калі ж узьняцца над гэтай палітычнай схваткай, над кан’юнктурнымі палітычнымі хадамі, то можна адзначыць, што незалежна ад суб’ектыўных памкненьняў таго ці іншага боку, ва ўсім гэтым ёсьць і нешта станоўчае. Галоўнае, што варункі аб’ектыўна працуюць на ўмацаваньне незалежнасьці. Можна спрачацца наконт таго, наколькі шчыра паводзіць сябе кіраўнік Беларусі. Але беларуская ўлада мусіць рабіць захады дзеля абароны незалежнасьці. І немагчыма ўявіць, што заўтра Лукашэнка скажа: “Я перадумаў, хопіць зь мяне пасады расейскага губэрнатара”. Надта шмат ужо было сказана ў абарону незалежнасьці. Ёсьць нейкія незваротныя рэчы, і час працуе на незалежнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Тут узьнікае пытаньне. Чалавек які восем гадоў толькі і цьвердзіў аб інтэграцыі з Расеяй, цяпер выступае ў супрацьлеглай ролі. Ці можа паверыць у гэта насельніцтва? Як прарэагуе глядач, калі адзін і той жа актор на працягу аднаго спэктаклю пачынае гуляць другую ролю?”

(Падгол: ) “З гледзішча абаронцы незалежнасьці ад Расеі выступ быў вельмі няўдалы. Тыя словы, якія казаў Лукашэнка, былі правільныя. Я згодны са спадаром Класкоўскім, што ўзгадваньне пра кавалак зямлі — гэта зусім не прымітыўны ход. Для беларуса кавалак зямлі — гэта сэнс жыцьця.

Але няўдалая форма, у якой Лукашэнка спрабаваў гэта рабіць… Сапраўды, гэта крызыс жанру. Магчыма, уся справа ў тым, што яму проста недаспадобы пра незалежнасьць казаць. Таму мы бачылі павольнасьць, адсутнасьць эмоцыяў. І цалкам адсутнічала абуджэньне якога-небудзь архетыпу. Працягваючы вашую думку, спадар Класкоўскі, я лічу, што электарат таксама казаў сам сабе: “Ня веру!”

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з гэтага, здавалася б руціннага інтэрвію з нагоды дзяржаўнага сьвята можна зрабіць дзьве галоўныя высновы. Па-першае, у краіне пачынаецца новая антырасейская кампанія, якая часам ужо дасягае ўзроўню аналягічнай кампаніі восені мінулага году. Па-другое, Лукашэнка хоча пазыцыянаваць сябе галоўным абаронцам беларускай незалежнасьці. Іншае пытаньне, ці ўдасца пераканаць у гэтым насельніцтва?”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG