Запрашэньне ў Ротэрдам атрымалі кіраўнікі трох палітычных партыяў — Аб’яднанаай грмадзянскай, Беларускага Народнага Фронту і “Народнай грамады”. Акрамя таго, асабіста запрошаны ў якасьці сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў. Афіцыйную дэлегацыю Нацыянальнага сходу ачольвае віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што цікавасьць да Беларусі пасьля афіцыйнага прызнаньня Палаты прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ толькі ўзрастае.
(Лябедзька: ) “Шостага ліпеня будзе разгледжаны праект адмысловай рэзалюцыі ў справах Беларусі. Гэта як дадатковы пункт да асноўнай рэзалюцыі, якая прымаецца падчас сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Разгляд меў адбыцца пры канцы сэсіі, але амэрыканская дэлегацыя, якая будзе ў Ротэрдаме толькі тры дні, папрасіла разгледзець беларускае пытаньне шостага. Верагоднасьць прыняцьця рэзалюцыі — 99,9%. Сёмага адбудуцца яшчэ дзьве падзеі, якія тычацца сытуацыі ў Беларусі. Раніцай плянуецца правесьці пікет, які прымяркаваны да трэцяй гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Мы працуем сумесна зь Беларускім цэнтрам у Брусэлі. І гэта будзе ланцуг неабыякавых людзей”.
7 ліпеня пры пасярэдніцтве адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ на чале з дэпутаткай Бундэстагу Утай Цапф пачнецца “круглы стол”, на якім будзе разгледжаная сытуацыя ў краіне. Галоўная мэта — вызначыць, якія ёсьць мажлівасьці зьмяненьняў выбарчага заканадаўства. Плянуецца, што ў дыскусіі возьме ўдзел прэзыдэнт ПА АБСЭ Джордж Брус.
Спадар Лябедзька гаворыць, што пазыцыя апазыцыйных палітычных партыяў Беларусі ўзгодненая:
(Лябедзька: ) “Наша мэта — дамагацца мінімізацыі фальсыфікацыяў. І гэта мажліва праз унясеньне пэўных зьменаў у выбарчае заканадаўства. Мы прывязем у Ротэрдам узгоднены тэкст паправак да Выбарчага кодэксу. Ва ўладаў ёсьць інтарэс, каб выбары, якія адбудуцца восеньню наступнага году, былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Такім чынам, ёсьць некалькі пунктаў для перасячэньня нашых узаемных інтарэсаў. Паглядзім, да чаго гэта прывядзе”.