Міхаіл Капуста — адзіны прадстаўнік апазыцыйных партыяў у Новалукомскім гарсавеце. Вырашаць нейкія складаныя задачы яму няпроста. Тым больш, калі няма досьведу “блізкае ўлады”. Але выбарцы спадзяюцца на дапамогу дэмакратычнага дэпутата — зваротаў вельмі шмат. Якія пытаньні хвалююць найбольш? Стан дамоў, камунальнай гаспадаркі, мажлівасьці грамадзянаў уплываць на кіраўніцтва ЖКГ. Распавядае спадар Капуста:
(Капуста: ) “Зьвяртаюцца многія, ідуць размовы пра падвышэньне аплаты за жыльлё. Зьбіралі калектыўныя подпісы, і сёньня мне трэба занесьці ды зарэгістраваць тую паперу з пытаньнямі: чаму, напрыклад, грошы на капрамонт адлічваюць, а ніколі нічога не рабілася”.
Тлумачэньні, што сродкі акумулююцца для вырашэньня праблемаў у больш крызысных гарадох, новалукомцаў не задавальняюць. Яны лічаць — мясцовая ўлада павінна выкарыстоўваць гэтыя сумы найперш для тутэйшага ўпарадкаваньня. Тым больш, расшыфроўкі ў так званых жыроўках часам вельмі дзіўныя. Кажа спадар Капуста:
(Капуста: ) “Напрыклад, зьбіраюцца нейкія сродкі на тэхабслугоўваньне, якое ніколі не праводзіцца. Далей пачалі браць грошы за ацяпленьне ваннага пакою — маўляў, тое адбываецца праз трубы для сушкі ручнікоў. Дзівосы! Будзем думаць...”
А ці спрабаваў дэпутат прынцыпова ставіць пытаньне пра пляны рэканструкцыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Новалукомлю? Горад будавалі адносна нядаўна, і лічылася, што з трубамі-дахамі-пад’ездамі тут яшчэ ўсё ў парадку. Але — пралічыліся. Дык хіба вэртыкаль ня бачыць, што далейшая затрымка запатрабуе шмат большых сродкаў? Так, Капуста спрабаваў казаць пра тое. І зноў жа — але...
(Капуста: ) “А ў нас адказ заўсёды адзін: гэта ня мы вырашаем — указаньне даецца зьверху. Усё!..”
Наступны сюжэт на аналягічную тэму — зь Бялыніцкага райсавету. Адным з дэпутатаў там 57-гадовы жыхар вёскі Лебядзянка Валер Вусік. Ён перамог пад лёзунгам “Улада павінна жыць, як народ! Ці народ павінен жыць так, як улада!” Галоўны вэтэрынар сельгаскаапэратыву лічыць сябе народным вылучэнцам, таму імкнецца на сэсіях вырашыць канкрэтныя праблемы людзей. Нядаўна, напрыклад, ён прапанаваў мясцовым начальнікам падзяліцца транспартам з амаль “бясколавымі” ўчастковымі міліцыянтамі.
(Вусік: ) “Я часта бываю ў Бялынічах і бачу, як пад вокнамі стаяць гэтыя аўтамабілі: чыноўнік сядзіць у кабінэце, а ягоны кіроўца цэлы дзень “швэндаецца” туды-сюды бяз справы. Альбо гэтыя самыя аўтамабілі, калі чыноўнік сядзіць у кабінэце, абслугоўваюць ягоных сваякоў, сям’ю і дзяцей — езьдзяць на рынкі ці яшчэ куды. Вось таму я ўзяў і зрабіў такую прапанову”.
Валер Вусік спрабаваў пераканаць калегаў-дэпутатаў: міліцыі трэба дапамагчы — чым не дзяржаўны клопат? Асабліва патрэбныя дадатковыя патрульныя аўтамабілі ў выходныя дні.
(Вусік: ) “Бо аналізуеш статыстыку: пятніца, субота, нядзеля — во калі злачынствы ўчыняюцца. Таму я і вырашыў, што трэба менавіта ў гэтыя дні тыдня, звычайна ноччу, даваць ім дадатковыя аўтамабілі. Каб супрацоўнікі міліцыі езьдзілі па раёне, дзе якія злачынныя кропкі, і тым самым спрыялі раскрыцьцю ці папярэджаньню злачыннасьці”.
Валер Вусік прапанаваў на сэсіі ажно чатыры варыянты арганізацыі гэткага своеасаблівага дапаможнага аўтапарку, аднак ніводны зь іх не падтрымалі. Найперш таму, што дэпутацкі корпус Бялыніцкага раёну ў пераважнай большасьці складаецца з тых самых начальнікаў, якім і трэба, на думку дэпутата, падзяліцца сваім службовым транспартам.
(Вусік: ) “А між іншым, злачыннасьць расьце. І каб зь ёй эфэктыўна змагацца, трэба рабіць міліцыю мабільнай. Абавязкова мабільнай! Таму што злачынца едзе на іншамарцы, а міліцыянт за ім бяжыць пешшу. Дзе ж тут справядлівасьць?!”
Перапынім разважаньні бялыніцкага дэпутата спадара Вусіка і зноў вернемся ў Новалукомль. Безумоўна, у любога буйнога гораду ёсьць такі галаўны боль, пазбавіцца якога можна толькі з дапамогаю дзяржаўнага бюджэту, адмысловага фінансаваньня. І людзі гэта зразумеюць, як праз тых жа дэпутатаў даведаюцца пра канкрэтныя лічбы, захады, пляны на пэрспэктыву. Але яны адмаўляюцца верыць мясцовай уладзе, калі бачаць — тая не спрабуе вырашаць нават зусім відавочныя рэчы.
Мажліва, гэтаму таксама замінаюць нейкія інструкцыі, зацьверджаныя ў Віцебску альбо Менску, аднак, кажуць новалукомцы, трэба ж хоць спрабаваць шукаць выйсьце! Так, падчас абмеркаваньня сэсіяй праблемаў падлеткавай злачыннасьці яны параілі дэмакратычнаму дэпутату ўзьняць пытаньне пра дадатковае стымуляваньне тых міліцыянтаў, якія займаюцца гэтым. Спадар Капуста распавядае, што ў выніку атрымалася:
(Капуста: ) “Я прапаноўваў: давайце з гарадзкога бюджэту даплачваць тым, хто працуе на дзьве стаўкі інспэктарам у справах непаўнагадовых. Бо ніхто ня хоча на іх ісьці. Быў адзін, і той уцякаць зьбіраецца. А на другую ўвогуле нікога знайсьці ня могуць. Давайце, кажу, даплачваць, каб туды пайшлі лепшыя міліцыянты. І што? “Ды не, мы ня можам...”
Затое змаглі вельмі цікава пераразьмеркаваць раптам пабагацелы гарадзкі бюджэт. Слова — спадару Капусту:
(Капуста: ) “Быццам бы сабралі дадатковыя грошы — 300 мільёнаў. І плянавалі, на што іх патраціць. Гарвыканкаму вылучылі 30 мільёнаў. На погляд мой і выбарцаў, няма чаго даваць яму такую дадатковую суму! Бо плянуюць замяніць дзьверы, вокны, тое-сёе... А й без таго зойдзеш у гарвыканкам, дык кабінэты вунь як адрозьніваюцца ад клясаў у маёй школе!”
Зразумела, такі клопат дэпутатаў і вэртыкалі пра сябе ж зусім ня выклікаў аптымізму ў выбарцаў. Тут якраз той выпадак, які цэмэнтуе даўні недавер да “блізкае ўлады”. Гэтак сама адмоўна зрэагавалі ў Бялынічах на нежаданьне сэсіі нават абмеркаваць “транспартныя” прапановы Валера Вусіка. Калегі папросту абвінавацілі яго ў папулізьме, схільнасьці да “жырыноўшчыны” і гэтак далей.
А вось выбарцы разважаюць па-іншаму: можа, прапанаваны Вусікам мэханізм дапамогі ўчастковым міліцыянтам і недасканалы, несучасны. Аднак жа ў мэдаля два бакі — чаму вы, спадары начальнікі, аніяк не зрэагавалі на заўвагу пра тое, што службовыя машыны вэртыкалі фактычна пераўтвараюцца ў прыватныя? Дакуль бюджэтныя грошы будуць працаваць на асабістыя патрэбы функцыянэраў? Адказу няма. Бо ў выбарцаў адсутнічаюць магчымасьці ўплыву на дэпутатаў. Людзі толькі назіраюць за дзеяньнямі ўлады ды абмяркоўваюць іх. А Вусік падсумоўвае пачутае і выносіць яго на трыбуну сэсіі. Дык абмяркуйце тое, што хвалюе народ, адкажыце яму!
(Вусік: ) “Далі “мэрсэдэс” страшыні райвыканкаму. Калі яго прадаць, то атрымаецца ці ня дваццаць “жыгулёў”. Вось зноў-такі можна вырашыць праблему: кожнаму ўчастковаму, і яшчэ тры машыны застанецца старшыні райвыканкаму. Бач, пытаньне й вырашанае”.
Аднак такая прапанова гучыць фантастычна для дэпутатаў раённага савету — сэсія адмаўляецца абмяркоўваць яе.
(Вусік: ) “Я думаю, такі склад савету, калі дэпутаты прызначаныя, а не абраныя, ніякіх карэнных зьменаў ня дасьць. Таму што яны ўсе прызначаныя чыноўнікамі. А чыноўнік скажа: “Я цябе “выдзьвінуў”, я цябе і “задзьвіну”. І яшчэ: калі на першай сэсіі абіралі старшыню, то галасаваньне было тайнае. Спэцыяльна назіраў, як яно ішло. Дык ці ня ўсе дэпутаты — адсоткаў 90 — лезьлі на трыбуну, дзе сядзеў і старшыня райвыканкаму Шпакоўскі, і старшыня савету Ганчук, ды паказавалі, за каго хто галасуе. Падхалімства вышэйшай пробы! Таму я так і мяркую — нічога ня зьменіцца, нічога”.
Гэтая думка спадара Вусіка прагучала ў эмацыйным запале. Не для таго прабіваўся ў дэпутаты, каб здавацца на старце! Хай ня ўсё з задуманага атрымліваецца, аднак людзі цэняць ужо ягоную заклапочанасьць выкананьнем сваіх абавязкаў. Энтузіястаў, па-грамадзянску сумленных дэпутатаў у краіне хапае.
Напрыклад, менавіта такім лічаць у Вялікай Бераставіцы Алега Рамашкевіча. Нядаўна ён узяўся за вырашэньне безнадзейнай, як многія лічаць, задачы — наладзіць нармалёвае водазабесьпячэньне жыхароў двух дамоў на вуліцы Анохіна. Тое ўжо спрабаваў зрабіць сам раённы галава спадар Захарчук. Прыехаў, глянуў на забруджаную крыніцу, якой вымушаныя карыстацца людзі, сказаў нешта невыразнае ды зьехаў. І вось за справу ўзяўся звычайны дэпутат райсавету. Слова спадару Рамашкевічу:
(Рамашкевіч: ) “Дзесяць гадоў людзі бяруць ваду з крыніцы, дзе, як зрабіла заключэньне санэпідэмстанцыя, ваду браць нельга”.
Калісьці вадаправод быў, але яго зьнішчылі будаўнікі.
(Рамашкевіч: ) “Раённыя электрасеткі ставілі свой жылы дом на шляху вадаправоду. Пасьля таго, як дом пабудавалі, ніхто не патурбаваўся, каб гэты вадаправод зрабіць наноў”.
Вось што кажуць тутэйшыя:
(Жыхар: ) “Куды не зьвярталіся, усё нуль!”
(Іншы: ) “Прасілі, ніхто нічога не праводзіць. Нікому ніякіх пытаньняў. Старшыня калгасу адпраўляе ў райвыканкам, а выканкам — да старшыні”.
(Жыхарка: ) “Брудная вада, вельмі брудная вада”.
Але што рабіць, калі ніхто не дае рады? Абяцалі адрамантаваць зламаную калёнку, дык абяцанага чакаюць ня тры гады, як у той прымаўцы, а тройчы па тры. Задоўгае бязьдзеяньне ня проста стамляе людзей — шмат хто зьвязвае сваё падарванае здароўе менавіта з кепскай якасьцю вады. Так, у спадарыні Алены малое дзіця ляжыць сёньня ў інфэкцыйным аддзяленьні шпіталю:
(Алена: ) “Я думаю, што гэта вада”.
Апошні спадзеў жыхароў — дэпутат Алег Рамашкевіч. Яму слова:
(Рамашкевіч: ) “Дзесяць гадоў жыхары хадзілі па ўсіх раённых інстанцыях, бывалі і ў абласных начальнікаў. Ім абяцалі, але справа не пайшла далей размоваў і камісіяў, якія туды рэгулярна прыяжджалі”.
Непадалёк на вуліцы Анохіна ёсьць яшчэ адна крыніца, вада там чысьцейшая. Але ў ёй утапілася дзіця, і пасьля гэтага ваду адтуль ніхто не бярэ. Пакуты жыхароў працягваюцца.
(Жыхарка: ) “Дэпутат наш б’ецца, б’ецца... Ня ведаю, адзін ён нічога ня зробіць”.
Сапраўды, аднаму той воз ня выцягнуць. Але за спадаром Рамашкевічам цэлая вуліца аднадумцаў! Апроч таго, прыблізна такія ж праблемы і ў шэрагу іншых населеных пунктаў краіны. Нядаўна створаная Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў цяпер якраз вызначае агульныя для розных рэгіёнаў вострыя пытаньні, каб вырашаць іх супольна, скаардынавана ціснуць на абвыканкамы, Саўмін, міністэрствы. І высьветлілася, напрыклад, што ў 12-тысячнай Барані, гэта пад Воршай, тая ж самая бяда, як і ў Вялікай Бераставіцы. Гаворыць дэпутат гарсавету Віктар Міхасёў:
(Міхасёў: ) “Пытаньне пітной вады — найвастрэйшае! Яна вельмі дрэнная, мае падвышанае ўтрыманьне жалеза, якое ў некалькі разоў перавышае норму. А ў дванаццаці з чатырнаццаці студняў увогуле не прыдатная дзеля піцьця, таму іх вырашылі закрыць, але ж гэтага ня робіцца. Ёсьць праблемы і з інфармаваньнем насельніцтва: ці можна тую ваду ўжываць... Структуры, якія мусяць гэтым займацца, ЖКГ, водаканал — нічога не зрабілі”.
А чаго дабіліся дэпутаты? Нямала: зь іхным удзелам у горадзе, вобласьці фармуецца такая грамадзкая атмасфэра, што вэртыкаль саступіла — падтрымлівае ўсе канструктыўныя прапановы дзеля вырашэньня актуальнага пытаньня. Цяпер яно ўзьнятае, кажа спадар Міхасёў, на ўсіх уладных паверхах... Апошняй моцнай акцыяй сталася прэзэнтацыя праекту “Чыстая вада”, да рэалізацыі якога далучыўся ўплывовы фонд “Каўнтэрпарт”. На распрацоўку выратавальнай схемы водазабесьпячэньня ўжо выдзелена 30 мільёнаў. Прыблізна столькі ж неабходна знайсьці на рэалізацыю самога пляну. Сума для гораду немалая, аднак лёд, як кажуць, крануўся.
І гэта — яскравы прыклад таго, што пры ўсіх сваіх абмежаваных, кволых магчымасьцях мясцовая ўлада ўсё ж здольная вырашаць надзённыя праблемы тутэйшых. Дзеля гэтага, праўда, патрабуецца ня так і мала: актыўнасьць дэпутатаў і выбарцаў.