Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ - ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ЗША


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

227 гадоў таму, у час, калі Беларусь страціла незалежнасьць і адышла да Расеі пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, Злучаныя Штаты адваявалі сваю незалежнасьць ад Брытанскай імпэрыі. Першыя асацыяцыі, зьвязаныя зь незалежнасьцю ў цяперашнім амэрыканскім грамадзтве – гэта выбарнасьць улады, палітычная і эканамічная самастойнасьць і індывідуальныя свабоды, замацаваныя ў асноўным законе - Канстытуцыі. І менавіта за гэта змагаліся першыя амэрыканскія незалежнікі.

Ідэя збудаваньня свабоднай дэмакратычнай дзяржавы сыходзіла ад непрыняцьця Эўрапейскіх манархій таго часу зь іх тыраніяй, карумпаванасьцю і несвабодай. Узурпацыя і цэнтралізацыя ўлады ўважаліся за фундамэнтальнае зло. Аднак лідэры рэвалюцыі пасьля перамогі першыя прадэманстравалі сваю вернасьць прынцыпам. Пераможца, генэрал Кантынэнтальнага войска Джордж Вашынгтон, здаў свае паўнамоцтвы Кангрэсу – тое, чаго не зрабілі ані Напалеон, ані Ганібал і ў выніку страцілі ўсё. Джордж Вашынгтон быў адным з галоўных творцаў амэрыканскай дзяржаўнасьці. Ён быў вайсковым лідэрам і прарокам незалежнасьці - так бы мовіць, амэрыканскі Зэўс і Майсей у адной асобе. Пасьля двух тэрмінаў свайго прэзыдэнцтва, ён, нягледзячы на шчырыя пратэсты сяброў і калег, адмовіўся ад трэцяга тэрміну. Тым самым ён стварыў прэцэдэнт для ўсяе выканаўчае ўлады. У сваім разьвітальным лісьце Вашынгтон даў параду сваім суайчыньнікам - як утрымаць нацыянальнае адзінства і мэту ня толькі безь яго, але без цара ў прынцыпе. Ад самага пачатку свайго заснаваньня галоўным гарантам супроць тыраніі і неабмежаванай улады Амэрыка абрала прынцып свабоды выказваньняў, сходаў і прэсы ў асаблівасьці. Тыранічнае грамадзтва ня можа доўга праіснаваць, калі яно не кантралюе патоку інфармацыі і ідэй.

Ад таго ня так далёкага часу разуменьне нацыянальнай незалежнасьці толькі ўмацавалася і пашырылася, ды ўключыла ўсе этнічныя, расавыя і сацыльныя слаі амэрыканскага грамадзтва. Быць амэрыканцам – гэта значыць падзяляць і абараняць асноўныя прынцыпы, на якіх гэтая дзяржава была збудаваная, а гэта дзяржаўнасьць, выбарнасьць і абмежаваньне ўлады, індывідуальныя свабоды і талерантнасьць. Магчыма таму эмігранты з усіх бакоў сьвету, людзі любых веравызнаньняў і перакананьняў так лёгка тут прыжываюцца. Што ж да амэрыканскай павагі да правоў і свабод, дык яна, бадай, найчасьцей ілюструецца цытатай з Бэнджаміна Франкліна: “Той, хто аддае свае асноўныя свабоды на карысьць невялікай часовай бясьпекі, не заслугоўвае ні свабоды, ні бясьпекі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG