У артыкуле пад назвай “Шматтонная мара сацыялізму” распавядаецца пра цяперашняе аблічча беларускай сталіцы і пра заплянаваныя будаўнічыя праекты. Пасьля разбурэньня ў Другую Ўсясьветную вайну, Менск адбудавалі паводле мадэлі ідэальнага сацыялістычнага гораду. Шмат у чым гэтае аблічча захавалася і цяпер, піша газэта. Нідзе ў былым Савецкім Саюзе архітэктура ня мае такой колькасьці згадак пра перамогу над нямецкім фашызмам і пра “дзядулю Леніна”.
Пра стары Менск нагадваюць хіба што невялікія забудовы каля Сьвіслачы. Шмат якія помнікі архітэктуры 17 стагодзьдзя былі панішчаныя яшчэ да вайны ў сталінскі час, піша “Neue Zuercher Zeitung”.
Апошнім часам у Менску распачалі шэраг будаўнічых праектаў, якія мусяць надаць гораду больш заходняе аблічча. Сярод іх – рэканструкцыя плошчы Незалежнасьці і будаўніцтва новай Нацыянальнай бібліятэкі, якое будзе каштаваць каля 80 мільёнаў даляраў. Беларусаў ужо не зьдзіўляе, піша газэта, што ўсе рашэньні наконт такіх праектаў прымае не парлямэнт, а Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым частку грошай на будоўлю вымушаныя даваць прыватныя бізнэсоўцы, калі ня хочуць патрапіць пад дзяржаўныя рэпрэсіі.