Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХЛЕБНЫ КРЫЗЫС ВА ЎКРАІНЕ

Сяргей Абламейка, Прага

У Гомельскай вобласьці ад паловы траўня да паловы чэрвеня стаяла засушлівае надвор’е. Паводле афіцыйных дадзеных, 35 працэнтаў сельскагаспадарчых культураў пашкоджаныя, траціна збожжавых пасеваў загінула. Толькі на паўторную сяўбу спатрэбіцца 11 мільярдаў рублёў.

Аднак значна больш сур’ёзнае становішча ўзьнікла ва Ўкраіне. Там да засухі дадалася атака саранчы.

На сёньняшні дзень саранча пашкодзіла каля 500 тысячаў гектараў пасеваў у 10 паўдзённых абласьцях Украіны. Наогул у паўдзённых суседзяў Беларусі дэфіцыт збожжа назіраўся ад сьнежня мінулага году, аднак розьнічныя кошты на хлеб і іншыя хлебабулачныя вырабы ўдавалася стрымліваць аж да сярэдзіны чэрвеня. І вось якраз засуха і несуцяшальныя прагнозы на сёлетні ўраджай – 23-27 мільёнаў тонаў супраць 38 мільёнаў летась – прычыніліся да рэзкага скачка цэнаў на муку і вырабы зь яе. Дадала панікі і інфармацыя ў крымінальнай справе былога віцэ-прэм’ера Леаніда Казачэнкі, які цяпер трымаецца пад арыштам. Ужо некалькі месяцаў газэты абмяркоўвалі падрабязнасьці грандыёзнай збожжавай афэры зь ягоным ўдзелам, у выніку якой вялікая частка леташняга ўраджаю апынулася за мяжой і ў прыватных руках.

У выніку зьбегу ўсіх гэтых акалічнасьцяў адбыўся выбух. 18-19 чэрвеня ўкраінцы пачалі ліхаманкава скупляць муку, макароны і крупы. У апошнія дні панічныя настроі зайшлі так далёка, што людзі пачалі скупляць соль і запалкі, спадзеючыся ў выпадку голаду выменяць іх на хлеб. За два тыдні кошты на мучныя вырабы і крупы падскочылі, паводле афіцыйнай інфармацыі, на 30 працэнтаў і працягваюць расьці. Журналісты ж паведамляюць пра рост цэнаў у паўтара-два разы.

Прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч заявіў 2 ліпеня, што сытуацыя на харчовым рынку і рынку збожжа нармалізуецца ў працягу двух наступных тыдняў. Днём раней старшыня парлямэнту Ўкраіны Ўладзімер Літвін выказаў думку, што нават у выпадку пераадоленьня цяперашняга крызысу вярнуць кошты на ранейшы ўзровень наўрад ці ўдасца. Літвін таксама заявіў, што цяперашняя сытуацыя на рынку харчоў можа спрычыніцца да новага вітку інфляцыі ва Ўкраіне. Толькі афіцыйны дакрызысны прагноз інфляцыі складаў 6 працэнтаў, тым часам як летась назіралася нават дэфляцыя памерам 0,6 працэнта.

У выніку аказалася расхістаная і палітычная сытуацыя. Партыі робяць крытычныя заявы на адрас ураду, вытворцы хлебапрадуктаў аб’ядноўваюцца ў арганізацыі кшталу “Асацыяцыі пекараў Украіны”, а гандляры і імпартэры заклікаюць урад адмовіцца ад імпартных мытаў на збожжа. Аднак і тут сытуацыю ўскладняюць несуцяшальныя прагнозы на сёлетні ўраджай у Расеі і Казахстане. Напрыклад, Расея летась сабрала 86 мільёнаў тонаў збожжа, а сёлета зьбярэ 70-75 мільёнаў тонаў. Так што асабліва на імпарт ад бліжэйшых суседзяў украінцам спадзявацца не даводзіцца.
XS
SM
MD
LG