Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КІНАТЭАТРАХ РАСПАЧАЎСЯ ПАКАЗ РАЗРЭКЛЯМАВАНАГА ПРАЗ АФІЦЫЙНЫЯ МЭДЫІ ГІСТАРЫЧНАГА ФІЛЬМУ “АНАСТАСІЯ СЛУЦКАЯ”

Валянціна Аксак, Менск

Падзеі фільму разгортваюцца ў пачатку 16 стагодзьдзя ў Слуцку, які на той час быў моцным і багатым фэадальным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага і таму прывабліваў шматлікіх заваёўнікаў. У цэнтры паказу — драматычныя падзеі абароны гораду ад набегаў крымскіх татараў, якія завяршаюцца перамогаю слуцкага войска пад кіраўніцтвам мужнай і сьмелай маладой княгіні Анастасіі. Сюжэт, які здольны абудзіць у гледача пачуцьці гонару за сваіх продкаў. Заля менавіта так і рэагуе, гучна суперажываючы героям ды наладжваючы воплескі пасьля кожнага кадру перамогі слуцкага войска над захопнікамі.

А як успрынялі навінку “Беларусьфільму” прафэсіяналы? Пра мастацкія вартасьці стужкі аўтар першага беларускага шматсэрыйнага гістарычнага фільму (а гэта быў фільм пра паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага) кінарэжысер Уладзімер Арлоў гаварыць устрымаўся. Толькі адцеміў колькі момантаў:

(Арлоў: ) “Магу вылучыць толькі дзьве цікавыя акторскія работы, на жаль, другога пляну. Гэта Віталь Рэдзька, ён, дарэчы, і ў маім фільме “Пракляты ўтульны дом” паводле Жэромскага добра граў князя Юзафа. І Вераніка Круглова з гурту “Крыві”. Вось дзьве выдатныя акторскія работы, на жаль, паўтаруся, другога пляну, ці нават проста эпізоды.

Добрая апэратарская работа. Тацяна Логінава каторы раз ужо ўхваліла Беларусь, далягляды беларускія, буйныя пляны артыстаў. Я толькі пра добрае магу гаварыць… Ну а пра тое, пра што я не гавару, можаце нейкую выснову зрабіць самі”.

Адказваючы на пытаньне пра адпаведнасьць мастацкае праўды рэальным падзеям беларускае гісторыі навуковы кансультант фільму доктар гістарычных навук Юры Бохан выказаў таксама асьцярожнасьць:

(Бохан: ) “Ёсьць больш ці менш прадукт мастацкага домыслу. Мая задача была ў тым, каб ён быў мінімальным. А так гэта заўсёды прысутнічае. Тут бяз гэтага не абысьціся, таму што такога не бывае, каб гістарычная рэальнасьць была ўлічаная на сто адсоткаў. Такога ніколі не было, такога ніколі ня будзе”.

Між тым, ад пачатку навуковым кансультантам фільму быў запрошаны вядомы гісторык Анатоль Грыцкевіч, патомны случак і найлепшы знаўца гісторыі свайго гораду. Аднак пасьля таго як здымачная група не прыняла ягоных прынцыповых заўвагаў да прапанаванае кінавэрсіі гістарычных падзеяў, ён адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва.

А вось кандыдат гістарычных навук Лявон Калядзінскі, да якога потым зьвярнуліся кінэматаграфісты, лічыць, што абавязаны быў дамагчыся як мага большай гістарычнай праўды ў фільме, які абвешчаны нацыянальнай кінападзеяй году. Іншая рэч, наколькі яму гэта ўдалося. А ўдалося пераканаць не здымаць фільм у Мірскім замку, бо Слуцак быў у 16 стагодзьдзі спрэс драўляны. Ня ставіць на стол сярэднявечных ліцьвінскіх князёў расейскі самавар 19 стагодзьдзя, пашыць строі адпаведна гістарычным малюнкам, нават зьмясьціць на харугвы ваяроў слуцкі герб таго часу, а гэта была, як і ў многіх іншых гарадоў Беларусі, Пагоня. Аднак на экране гледачы яе ня ўбачылі.

(Калядзінскі: ) “Калі ішоў ужо прагляд на выпуск фільму, на якім быў міністар культуры Гуляка, то як толькі ён убачыў тую Пагоню, то на крэсьле аж падскочыў, затупаў нагамі, замахаў рукамі і сказаў: “Немедленно убрать!” Дык сам дырэктар “Беларусьфільму” літаральна з ножнамі ў руках выразаў тыя кадры, каб не паляцець з крэсла. Вось так яно й было”.

Выкінулі з канчатковага варыянту дыялёгі галоўных герояў пра тое, што расейцы захапілі Смаленск, крый Божа, каб не пакрыўдзіць гэтым усходніх суседзяў, тым болей, што на пракат у іх асноўны спадзеў беларускіх кінавытворцаў. Выкінулі і натхняльныя словы княгі Анастасіі да свайго войска пра тое, што “мы — ліцьвіны і мусім бараніць сваю зямлю”. У выніку з вуснаў слуцкае княгіні гучаць рэплікі пра абарону праваслаўя.

Спадар Калядзінскі сказаў таксама, што спрабаваў пераканаць здымачную групу на чале з галоўным рэжысэрам Юрыем Ялховым здымаць фільм па-беларуску. Аднак у адказ пачуў тлумачэньне, чаму гэта немагчыма.

(Калядзінскі: ) “Яны сказалі, што Юрыю Ялхову будзе цяжка кіраваць калектывам, які будзе гаварыць па-беларуску, таму што ў свой час ён вучыўся ва ВГИКу, а там, натуральна, выкладалі па-расейску”.

Менавіта ў гэтым адна з прычынаў, чаму на “Беларусьфільме” так і ня могуць здымаць нацыянальнае кіно, — лічыць вядомы сцэнарыст і кінадзеяч Уладзімер Халіп.

(Халіп: ) “Каб нешта такое зрабіць, трэба, па-першае, падрыхтаваць кадры. І вядома ж, не ў Маскве, бо ўсе людзі, якія ехалі туды, вярталіся адтуль перакананымі русафіламі. А з гэткімі кадрамі рабіць нешта беларускае немагчыма. Ёсьць выдатныя школы ў Польшчы, ёсьць выдатныя школы на Захадзе яшчэ далей, дзе маглі бы падрыхтаваць. Па-другое, трэба не шкадаваць сродкаў для гэтага, таму што сродкі, укладзеныя ў нешта духоўнае, акупяцца вельмі хутка. І па-трэцяе, што яшчэ трэба таксама — гэта свабода творчасьці. Нічога гэтага, на вялікі жаль, у Беларусі пакуль няма і ў найбліжэйшы час ня будзе”.

А ёсьць пакуль што абвешчаны нацыянальным фільм “Анастасія Слуцкая”, які распачынаецца тытрамі “Снято под патронажем Президента Республики Беларусь А.Г.Лукашенко”. І прададзена усяго восем копіяў стужкі, кожная — па 2 тысячы даляраў. Калі з укладзеных у фільм аднаго мільёну даляраў дзяржаўных грошай праз два гады вернецца палова, то стваральнікі будуць лічыць гэта за посьпех.

XS
SM
MD
LG