Тут ужо трэці дзень знаходзяцца грамадзяне Расеі, якіх літоўскія памежнікі высадзілі зь цягнікоў, што ішлі ў Калінінградзкую вобласьць.
На беларуска-літоўскай мяжы працягваецца крытычная сытуацыя, зьвязаная з новымі правіламі транзыту празь Літву ў Калінінград. Маскоўская чыгунка нават выдзеліла два адмысловыя вагоны, якія будуць стаяць на станцыі Гудагай, пакуль ня спыніцца паток пасажыраў бязь візаў і спрошчаных транзытных дакумэнтаў. Дзяжурная па станцыі Гудагай Ядвіга Філіпчык распавяла, што мінулае начы новых ахвяраў не дадалося.
(Карэспандэнт: ) “Цяпер на вакзале хто-небудзь сядзіць?”
(Філіпчык: ) “Тыя ж самыя, што ўчора былі. А новых не было”.
(Карэспандэнт: ) “Там, кажуць, у вас яшчэ два вагоны паставілі…”
(Філіпчык: ) “Адзін пакуль. Уначы сёньня павінны яшчэ адзін прыцягнуць — ад 150-га цягніка адчапіць, гэта цягнік Калінінград–Масква”.
Пакуль у купэйным вагоне на станцыі Гудагай жывуць 11 чалавек. Кожнаму зь іх бясплатна далі месца, бялізну, туалетныя прылады. Ёсьць у вагоне чыстая вада, гарбата, кава, гарачае харчаваньне, а таксама цацкі й адмысловыя дзіцячыя харчы. Як паведамляюць калінінградзкія крыніцы, вырашанае пытаньне з мэдычным абслугоўваньнем. Міністар шляхоў зносінаў Расеі Генадзь Фадзееў стварыў апэратыўную групу, якая мусіць навесьці парадак у транзыце расейскіх грамадзянаў празь Літву ў Калінінградзкую вобласьць. На беларуска-літоўскай мяжы працуюць прадстаўнікі расейскіх чыгунак і консульскія работнікі, што пацьвердзіла й спадарыня Філіпчык.
(Філіпчык: ) “Консул быў расейскі раніцай, заходзіў тэлефанаваць тут Калягін Уладзімер Іванавіч нейкі. Цягнікоў жа ўдзень няма пасажырскіх. Уначы быў Санкт-Пецярбург–Калінінград, але там нікога не высаджвалі”.
Гудагайскую праблему прадстаўнік Калінінградзкай абласной Думы ў расейскай Радзе Фэдэрацыі Мікалай Тулаеў патлумачыў традыцыйнай расейскай нядбайнасьцю і недахопамі ў працы чыгуначнай сыстэмы, якая не пасьпела паінфармаваць пасажыраў пра новыя правілы. Нагадаю, што раней адмысловы прадстаўнік расейскага прэзыдэнта ў справах Калінінградзкай вобласьці Дзьмітры Рагозін заявіў, што гэта ёсьць праблемай Беларусі, таму што грамадзяне Расеі спрабуюць трапіць у Калінінград зь беларускай тэрыторыі.
Спадар Рагозін прагназуе, што масавыя затрыманьні на беларуска-літоўскай мяжы будуць працягвацца яшчэ два-тры тыдні, а таксама заклікае ўлады Беларусі вырашыць пытаньне транзыту зь Літвой. Але беларускія прадстаўнікі ў перамовах пра транзыт з Эўрапейскім Зьвязам ня ўдзельнічалі, хаця гэты транзыт ніяк ня можа абмінуць тэрыторыю Беларусі.