Цяпер на рынках Гомелю ўкраінцы прадаюць масла, алей, сала, тварог, цукеркі, памідоры, абрыкосы. Пра пагрозу голаду ва Ўкраіне сур’ёзна ніхто ня кажа. Згадваюць толькі пра нядаўняе падвышэньне коштаў на харчы і ажыятажны попыт на іх.
Распавядае Анатоль Ахацюк зь Віньніцкай вобласьці, які гандлюе ў Гомелі салам:
(Ахацюк: ) “Цяпер якісьці рэзананс, ня ведаю з-за чаго. Справа ў тым, што падаражэла ў нас усё — і цукар, і мука, і сала. Усё падаражэла нашмат. Кажуць, што можа быць галадоўка з прычыны неўраджаю. Людзі абураюцца, скупляюць усё на сьвеце. Тую ж муку, цукар. Сала ў слоікі закручваюць. Баяцца! Але я мяркую, што ўсё хутка пройдзе. Пачалося ўсе гэта два-тры тыдні таму. Хто пусьціў чуткі, ня ведаю. Але людзі ўзрушаныя, усё скупляюць”.
А вось што распавяла вашаму карэспандэнту жыхарка суседняга з Гомелем Чарнігаву:
(Спадарыня: ) “Ніна Ўладзімераўна, з Чарнігава гораду. Пайшлі мітынгаваць! Мітынгавалі. Патрабавалі зьніжэньня платы за камунальныя паслугі і цэнаў на харчы”.
Пра цяжкую сытуацыю ва ўкраінскіх гарадах распавяла і жанчына Марыя, таксама жыхарка Чарнігава:
(Марыя: ) “Абстаноўка надзвычай цяжкая. Падаражэлі алей, цукар, мука асабліва, хлеб падаражэў. У нас мафія камандуе ўсім. Людзі супраць мафіі не папруць. Разумееце? І мітынгі сабіраюць, і ўсё, але што яны зробяць. Куды яны супраць мафіі. Гэта кучмаўская мафія. Гэта Кучма разам з мафіяй камандуе, і людзі нічога ня зробяць. У каго ёсьць грошы назапасіць харчы, той запасаецца. А калі атрымліваеш пэнсію 86 грыўняў, то як іх назапасіць? За кватэру трэба 100 грыўняў аддаць. Чым запасацца? А прадукты ў нас ёсць, іх хапае. Падняліся цэны, дык шмат есьці ня будзеш, бо трэба ж за кватэру, за ўсё заплаціць”.
Нягледзячы на ажыятажны попыт на харчы, беларускую ежу ўкраінцы пакуль не купляюць. Яна даражэйшая, прываблівае толькі мука.
(Гандлярка: ) “Мы ўжо тут будзем купляць муку”, — сказала адна з украінскіх гандлярак.