Алесь Дзергачоў некалькі гадоў аказваў юрыдычныя паслугі. Абласное ўпраўленьне юстыцыі спраўдзіла ягоную дзейнасьць. За парушэньне палічылі тое, што ён бываў прадстаўніком грамадзянаў у судзе. Грошай за гэта ня браў. Ліцэнзія давала яму права толькі на паслугі юрыдычным асобам.
Спадар Дзергачоў лічыць, што Міністэрства юстыцыі абмежавала ягоныя канстытуцыйныя правы, пазбавіўшы ліцэнзіі за тое, што ён адначасова займаўся праваабарончай дзейнасьцю.
Між іншым, ён прадстаўляў у судзе інтарэсы заснавальніка “Новой газеты Сморгони” Рамуальда Ўлана. На апошняга ўлады ўвесь час аказваюць ціск. Учора ў рэдакцыі да вечара знаходзіліся адразу тры падатковыя інспэктары — шукалі парушэньняў, але не знайшлі.
Сёньня ў горадзе абмежаваныя магчымасьці для праваабарончай дзейнасьці. Упраўленьне юстыцыі не зарэгістравала смаргонскае грамадзкае аб’яднаньне “Дом правоў чалавека”. Скаргу на адмоўнае рашэньне ўпраўленьня юстыцыі абласны суд не задаволіў, і яна цяпер на разглядзе ў Вярхоўным судзе.